Дата стварэння: 17.08.2023 13:53:04
Дата змены: 10.07.2025 14:29:16
Партыза́нская брыга́да 2‑я імя́ К. С. Засло́нава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Аршанскага, Сенненскага, Талачынскага, Лепельскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці і Халопеніцкага раёна Мінскай вобласці.
Створана 25 верасня 1943 г. на базе атрадаў імя В. І. Чапаева, імя С. Г. Лазо, імя П. К. Панамарэнкі, «Малады бальшавік», «Мсцівец», В. П. Комлева (з кастрычніка 1943 — атрад імя М. І. Калініна), вылучаных з партызанскай брыгады 1‑й імя К. С. Заслонава. У лістападзе 1943 г. арганізаваны атрад «Кастрычнік».
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных участках Орша — Мінск, Віцебск — Орша, на аўтамабільных дарогах Віцебск — Лепель, Віцебск — Сянно, Сянно — Багушэўск, Лепель — Чашнікі і інш. Разам з брыгадай «Аляксея» (пазней партызанская брыгада імя А. Ф. Данукалава) 21–24 кастрычніка 1943 г. удзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў в. Бачэйкава, разграмілі гарнізон у в. Слабодка Бешанковіцкага раёна. У аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгунках Багушэўск — Орша, Талачын — Орша падарвалі больш за 300 рэек.
У студзені — лютым 1944 г. вялі баі за вёскі Вялікая Вядрэнь і Гурына, разграмілі варожы гарнізон у в. Луг Чашніцкага pаёна, вялі баі каля вёсак Доўгае, Люлюкі Бешанковіцкага, Лізуны Багушэўскага, Мажулева Сенненскага раёнаў. У красавіку — маі 1944 г. нанеслі ўдары па гарнізонах у вёсках Мокавічы, Гарадчэвічы і Чэрцы Лепельскага раёна, актывізавалі дыверсійныя дзеянні на чыгунцы Орша — Мінск каля станцыі Талачын і на чыгуначным участку Орша — Коханава. Разам з брыгадамі Сенненскай і 2‑й Беларускай імя П. К. Панамарэнкі ў ноч на 8 чэрвеня 1944 г. падчас блакады прарвалі лінію варожай абароны каля вёсак Адамаўка — Сялец Халопеніцкага раёна. У чэрвені 1944 г. разам з савецкімі войскамі вялі баі на рубяжы вёсак Пасынкі, Кажары і Гілі Чашніцкага pаёна, разграмілі варожы гарнізон у в. Слабада Халопеніцкага раёна.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 27 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя В. І. Чапаева, імя С. Г. Лазо, імя М. І. Калініна, імя П. К. Панамарэнкі, «Мсцівец», «Малады бальшавік», «Кастрычнік», у якіх налічвалася 905 партызан.
Камандзір брыгады В. П. Комлеў; камісар В. Е. Бяляеў; начальнікі штаба: В. Р. Палажэнцаў, М. М. Бальшуноў (загінуў), М. С. Загер.
У гонар брыгады ў в. Грынькі Чашніцкага pаёна ў 1975 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.