Мемарыяльная дошка ў гонар баявой аперацыі партызанскай брыгады імя А. Ф. Данукалава на будынку чыгуначнай станцыі Выдрэя Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці.
Мемарыял у гонар партызанскай брыгады імя А. Ф. Данукалава ў аграгарадку Кавалі Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці.
Дата стварэння: 17.08.2023 13:54:37
Дата змены: 11.09.2024 14:35:47
Партыза́нская брыга́да імя́ А. Ф. Данука́лава
Да мая 1944 г. называлася брыгада «Аляксея».
Дзейнічала на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Касплянскага раёна Смаленскай вобласці РСФСР (цяпер Смаленскі раён Расіі), Лёзненскага, Суражскага, Віцебскага, Аршанскага, Багушэўскага, Бешанковіцкага, Чашніцкага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці і Пліскага раёна Вілейскай вобласці БССР (цяпер у межах Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці).
Створана ў красавіку 1942 г. на базе атрадаў «Радзіма» (арганізаваны ў жніўні 1941), «Крэпасць» (арганізаваны ў красавіку 1942), «Граза ворагам» (арганізаваны ў кастрычніку 1941).
На працягу 1942–1943 гг. у брыгадзе былі арганізаваны атрады: у маі 1942 г. — 1‑ы «Прагрэс», 2‑і імя В. І. Чапаева, у чэрвені 1942 г. — І. І. Гур’ева (расфарміраваны ў верасні, далучаны да атрада 8‑га імя М. Н. Селіваненкі), у ліпені 1942 г. — 6‑ы «Марак», «Граза», А. С. Гайдукова (у верасні далучаны да атрада 8‑га імя М. Н. Селіваненкі), у кастрычніку 1942 г. — імя І. В. Сталіна (у снежні 1942 далучаны да атрада 5‑га «Крэпасць»), 9‑ы «Буравеснік», 10‑ы імя К. Я. Варашылава, у лютым 1943 г. — 11‑ы «Савецкая Беларусь» (у сакавіку 1943 далучаны да атрада 2‑га імя В. І. Чапаева); у чэрвені 1943 г. — 12‑ы «Інтэрнацыянал», 13‑ы «Гвардзеец», 14‑ы «Знішчальнік», 15‑ы «Сокал», 16‑ы «Камсамолец», у жніўні 1943 г. — 17‑ы «Мсцівец» і 18‑ы «Звязда» (у снежні расфарміраваны), у лістападзе 1943 г. — 19‑ы «Казбек» (у студзені 1944 расфарміраваны), 20‑ы «Бальшавік».
У чэрвені 1942 г. у склад брыгады ўвайшоў атрад К. В. Зюкава, які ў ліпені быў вылучаны для арганізацыі новай брыгады, але ў баях з праціўнікам яшчэ на стадыі фарміравання ў жніўні 1942 г. брыгада была рассеяна, частка байцоў улілася ў атрад «Крэпасць». У ліпені 1942 г. у склад брыгады ўвайшоў атрад М. Н. Селіваненкі (створаны ў жніўні 1941, у складзе брыгады спачатку меў нумар 11‑ы, потым 8‑ы; камандзір атрада М. Н. Селіваненка загінуў у чэрвені 1942, атрад атрымаў яго імя ў кастрычніку 1942), у верасні 1942 г. — атрад «Качубея», пазней перайменаваны у атрад «Перамога».
У жніўні 1942 г. з брыгады вылучаны атрад I. I. Уласава («Бліна», гл. Партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь» Мінскай вобласці). У лютым 1943 г. атрады «Радзіма» і «Крэпасць» выйшлі ў савецкі тыл і расфарміраваны. Атрад «Перамога» вылучаны з брыгады і пераведзены ў Смаленскую вобласць (гл. Партызанскі полк «Трынаццаць»). У маі 1943 г. з брыгады вылучаны атрады імя В. І. Чапаева, «Граза», «Буравеснік» для арганізацыі партызанскай брыгады Лёзненскай.
Усе атрады ў лютым 1943 г. аб’яднаны ў 3 батальёны.
Партызаны праводзілі дыверсіі на варожых камунікацыях, у т. л. на чыгунках Віцебск — Орша, Віцебск — Смаленск, Полацк — Маладзечна. У ліпені — лістападзе 1942 г. разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Шапурова, Будзянка, Ляшчова Су́ражскага раёна, Стасева Лёзненскага раёна. У снежні 1942 г. — лютым 1943 г. удзельнічалі ў баях з карнікамі, разграмілі гарнізоны ў вёсках Жабенцяі́, Мельны, Баліна, Мішуткі Суражскага раёна (цяпер тэрыторыя Віцебскага раёна). У кастрычніку 1943 г. удзельнічалі ў баях супраць карнай аперацыі каля в. Рубеж, Вадапоева, Вуглы Бешанковіцкага pаёна, тройчы нападалі на варожы гарнізон у в. Бачэйкава (гл. Бачэйкаўскія баі 1943 г.), удзельнічалі ў Лепельскай аперацыі 1943 г. У красавіку — маі 1944 г. у Полацка-Лепельскай партызанскай зоне брыгада вяла баі з карнікамі на рубяжы вёсак Замошша, Царкавішча, Тартак, Казімірова, Ветча, Лагі, Бутанка Ушацкага раёна. У ноч на 3 мая разам з іншымі брыгадамі прарвала блакаду, разграміла гарнізоны ў вёсках Баяры, Бондары, Ляпейкі, Піскунова, Каменка, Слабада Пліскага раёна. У аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных участках Падсвілле — Крулеўшчына, Замасточча — Лычкоўскага, Сасноўка — Замасточча падарвала больш за 2,9 тыс. рэек. Перад наступленнем савецкіх войск актывізавала баявую дзейнасць на дарогах Кублічы — Беразіно, Кублічы — Востраў, Кублічы — Крулеўшчына.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 1 ліпеня 1944 г., на той момант уключала аб’яднаныя ў тры батальёны атрады 1‑ы «Прагрэс», 4‑ы «Смерць ворагам», 6‑ы «Марак», 8‑ы імя М. Н. Селіваненкі, 10‑ы імя К. Я. Варашылава, 12‑ы «Інтэрнацыянал», 13‑ы «Гвардзеец», 14‑ы «Знішчальнік», 15‑ы «Сокал», 16‑ы «Камсамолец», 17‑ы «Мсцівец», 20‑ы «Бальшавік», у якіх налічвалася 1 817 партызан.
Камандзіры брыгады: А. Ф. Данукалаў (загінуў), В. А. Блахін; камісары: Т. В. Паўлоўскі (загінуў), А. Ц. Шчарбакоў, I. I. Старавойтаў; начальнікі штаба: А. С. Гайдукоў, Я. М. Антоненка, Ф. I. Пласкуноў, I. П. Піменаў.
Камандзіру брыгады А. Ф. Данукалаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад.
У гонар партызанскай брыгады імя А. Ф. Данукалава на чыгуначнай станцыі Выдрэя Лёзненскага раёна, у вёсках Рабава Віцебскага раёна і Вялікія Дольцы Ушацкага раёна ў 1976 г. устаноўлены мемарыяльныя дошкі; у в. Пагосцішча Лёзненскага раёна ў 1977 г. пастаўлены помнік; у в. Кавалі Лёзненскага раёна створаны мемарыял брыгадзе (уключае бюст А. Ф. Данукалава і памятныя пліты з абодвух бакоў алеі, на якіх увекавечаны імёны загінуўшых партызан-данукалаўцаў); у бібліятыцы-музеі ў в. Кавалі створаны мемарыяльны пакой.