ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ, Брэсцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ П. К. ПАНАМАРЭНКІ

Дата стварэння: 17.08.2023 13:55:07

Дата змены: 11.09.2024 15:00:12

Партыза́нская брыга́да імя́ П. К. Панамарэ́нкі

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага, Пружанскага і Ружанскага раёнаў Брэсцкай вобласці, Слонімскага раёна Баранавіцкай вобласці.

Створана ў чэрвені 1943 г. загадам па Брэсцкім партызанскім злучэнні на базе асобных атрадаў: імя Г. Дзімітрава (арганізаваны ў красавіку 1942), імя А. В. Суворава, імя С. М. Кірава (арганізаваны ў лютым 1943), імя В. П. Чкалава, «Савецкая Беларусь» (арганізаваны ў верасні 1942) і дыверсійнай групы М. Ф. Новіка. У ліпені ў брыгадзе арганізаваны атрад імя Д. Пажарскага, у жніўні — імя М. Ф. Гастэлы. У жніўні 1943 г. атрады імя А. В. Суворава, імя В. П. Чкалава, імя Д. Пажарскага перададзены партызанскай брыгадзе «Савецкая Беларусь» Брэсцкай вобласці.

Баявыя дзеянні партызаны праводзілі на чыгунках і шашэйных дарогах, зрывалі перавозкі, знішчалі баявую тэхніку і жывую сілу, маёнткі, апорныя пункты ворага. У красавіку 1943 г. разбілі гарнізон у в. Харошча Косаўскага раёна, у лістападзе 1943 г. вялі баі з карнікамі каля в. Бялавічы Косаўскага раёна, у лютым 1944 г. разбілі гарнізон у в. Баравікі Слонімскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 11 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады «Савецкая Беларусь», імя Г. Дзімітрава, імя С. М. Кірава, імя М. Ф. Гастэлы, у якіх налічвалася 1 537 партызан.

Камандзіры брыгады: I. П. Урбановіч (выконваў абавязкі), М. У. Сенькін; камісары: С. П. Пацяруха, К. Д. Талочка (загінуў), М. Е. Крыштафовіч; начальнікі штаба: Р. К. Дарафееў, Ц. С. Коваль.