ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА МАЗЫРСКАЯ ІМЯ АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА, Палескай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА МАЗЫРСКАЯ ІМЯ АЛЯКСАНДРА НЕЎСКАГА

Дата стварэння: 17.08.2023 13:56:27

Дата змены: 15.05.2025 15:21:54


Партыза́нская брыга́да Мазы́рская імя́ Алякса́ндра Не́ўскага

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мазырскага, Петрыкаўскага і Ельскага раёнаў Палескай вобласці.

Створана 28 верасня 1943 г. на базе партызанскіх атрадаў А. Л. Жыльскага (арганізаваны ў лютым 1943, у складзе брыгады атрад 1‑ы) і І. М. Уласенкі (арганізаваны ў чэрвені 1943, у складзе брыгады 3‑і), якія дзейнічалі ў Мазырскім pаёне. Адначасова арганізаваны атрад 2‑і.

Партызаны 30 жніўня 1943 г. ва ўзаемадзеянні з украінскім злучэннем А. М. Сабурава разграмілі варожы гарнізон у в. Шчакатава Мазырскага раёна (гл. Нараўлянска-Шчакатаўская аперацыя 1943 г.). У ноч на 19 верасня 1943 г. на перагоне Ельск — Мытва падарвалі 560 рэек. Знішчылі 3 кастрычніка 1943 г. асабовы састаў хойніцкага і брагінскага гарнізонаў у час іх перадыслакацыі ў г. Петрыкаў. З часцямі Чырвонай арміі ў студзені 1944 г. удзельнічалі ў вызваленні г. Мазыр і вёсак Козенкі, Дразды, Бабры, Скрыгалаў.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 8 студзеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, у якіх налічвалася 500 партызан.

Камандзір брыгады А. Л. Жыльскі; камісары: М. К. Ільінкоўскі, М. С. Кірушкін; начальнік штаба М. А. Забораў.

У гонар брыгады каля в. Буда Казіміраўская Мазырскага pаёна ў 1968 г. быў пастаўлены абеліск.