pdf

«ТРОХВУГОЛЬНІК»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:04:07

Дата змены: 11.09.2024 16:10:25


«Трохвуго́льнік» («Dreieck»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва на поўдзень ад чыгункі Брэст — Кобрын (Брэсцкі, Кобрынскі, Маларыцкі раёны Брэсцкай вобласці) 22–27 верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны; састаўная частка сумесных планаў начальнікаў паліцыі бяспекі і СД генеральных камісарыятаў Валыні і Падоліі, Беларусі і акругі Беласток для «ўціхамірвання» заходніх і паўднёва-заходніх раёнаў на тэрыторыі Беластоцкай, Баранавіцкай, Брэсцкай і Пінскай абласцей летам і восенню 1942 г.

Праводзілася сіламі 3‑га батальёна 15‑га нямецкага паліцэйскага палка, трох узводаў (жандарскага, бронеаўтамабіляў, процітанкавых гармат), двух паліцэйскіх палкоў, спецыяльнай роты «Нюрнберг».

У канцы жніўня 1942 г. пасля карных аперацый у тыле групы армій «Поўнач» на тэрыторыі Ленінградскай і Пскоўскай абласцей 3‑і паліцэйскі батальён (да ліпеня 1942 — 310‑ы) прыбыў у г. Брэст. Камандны пункт батальёна знаходзіўся ў г. Кобрын. Карнікі (9‑я, 10‑я і 11‑я роты) занялі вёскі Вялікія Радванічы, Падлессе Камянецкае (Брэсцкі раён), Азяты, Старое Сяло (Жабінкаўскі раён), Велікарыта, Чарняны (Маларыцкі раён), Навасёлкі (Дзівінскі раён, цяпер Кобрынскі), Жабінка; 23 верасня акружылі вёскі Барысаўка Дзівінскага (цяпер Кобрынскага) pаёна, Боркі і Забалацце Маларыцкага раёна.

У 4 гадзіны раніцы карнікі 10‑й роты сагналі ўсё насельніцтва в. Боркі і расстралялі 711 чалавек (паводле звестак камандзіра карнікаў обер-лейтэнанта Мюлера — 705 чалавек, у т. л. 203 мужчыны, 372 жанчыны і 130 дзяцей), захапілі 45 коней, 315 галоў буйной рагатай жывёлы, 450 свіней, 300 авечак і іншую маёмасць, падпалілі вёску. Карнікі 11‑й роты ў в. Забалацце расстралялі 289 чалавек, спалілі 120 двароў, захапілі 70 коней, 700 галоў буйной рагатай жывёлы, 400 свіней, 400 авечак, 150 сельскагаспадарчых машын, 800 ц збожжа. У в. Барысаўка карнікі 9‑й роты расстралялі 206 чалавек, спалілі 225 двароў, захапілі 33 кані, 455 галоў буйной рагатай жывёлы, 258 свіней, 525 авечак, 399 мяхоў збожжа. У в. Ляплёўка (Брэсцкі раён) гітлераўцы расстралялі 54 дзіцяці і выхавацельніцу Дамачаўскага дзіцячага дома, спалілі вёскі Каменка (загубілі 152 чалавекі), Рэчыца (64 чалавекі) Кобрынскага pаёна, Баравая (96 чалавек), Зялёныя Буды Маларыцкага pаёна і інш.

Усяго, па няпоўных даных, за перыяд правядзення аперацыі «Трохвугольнік» карнікі загубілі не менш за 1,5 тыс. чалавек.