pdf

«ЧАРОЎНАЯ ФЛЕЙТА»

Дата стварэння: 17.08.2023 14:06:01

Дата змены: 11.09.2024 16:03:56

«Чаро́ўная фле́йта» («Zauberflöte»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць падпольшчыкаў, партызан і мірнага насельніцтва Мінска 17–22 красавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь», 2‑га нямецкага паліцэйскага палка, батальёна 23‑га палка СС, асобага батальёна СС О. Дырлевангера, узмоцненай штабной роты, 12‑й танкавай роты, часцей вермахта (2 800 гітлераўцаў), ахоўных чыгуначных падраздзяленняў, групы запасу, палявой жандармерыі.

На досвітку 17 красавіка Мінск акружылі часці вермахта, на выхадах былі пастаўлены кантрольныя пасты. Горад падзелены на 6 частак, кожную з якіх блакіравалі карнікі. Гітлераўцы прачэсвалі ўсе жылыя дамы і руіны, правяралі цягнікі, з горада нікога не выпускалі.

На зборныя пункты было сагнана каля 52 тыс. чалавек. Мужчын 14–60 гадоў, жанчын 16–45 гадоў забіралі для вывазу на катаржную працу ў Германію. У час аперацыі карнікі сустрэлі ўзброенае супраціўленне савецкіх патрыётаў.