pdf

ВОЗЕМЛЯНСКІ БОЙ 1941 г.

Дата стварэння: 01.03.2023 15:09:48

Дата змены: 11.09.2024 14:58:23


Во́землянскі бой 1941 г.

Бой паміж знішчальным батальёнам Акцябрскага раёна Палескай вобласці (23.7.1941 пераўтвораны ў партызанскі атрад «Чырвоны Кастрычнік») разам з падраздзяленнем Чырвонай арміі (камандзір падпалкоўнік Л. В. Курмышоў) і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Воземля Акцябрскага раёна 18 ліпеня 1941 г. у Вялікую Айчынную вайну.

Разведка знішчальнага батальёна ўстанавіла сілы праціўніка і дакладнае размяшчэнне яго агнявых сродкаў. Браняпоезд № 52 (лейтэнант Калакольцаў), рухаючыся па чыгуначнай ветцы Бабруйск — Рабкор, 18 ліпеня 1941 г. нечакана для гітлераўцаў падышоў да Воземлі і адкрыў артылерыйскі агонь па штабе нямецкай дывізіі і агнявых кропках ворага. Пасля артылерыйскага абстрэлу зводны атрад чырвонаармейцаў і байцоў знішчальнага батальёна пад камандаваннем інструктара райкама партыі С. В. Маханько атакаваў праціўніка.

У выніку бою была вызвалена Воземля. Праціўнік страціў забітымі каля 80 салдат і афіцэраў, былі захоплены палонныя і значныя трафеі: 55 броне- і аўтамашын, 2 радыёстанцыі, 27 матацыклаў, 45 коней з павозкамі і грузам, аператыўныя дакументы нямецкага штаба. Палонных, дакументы і трафеі перадалі камандаванню савецкіх войск.