Каранёва
Вёска на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 3 км на паўночны ўсход ад в. Дворнікі Ульскага сельсавета, каля возера Каранёва. Перад вайной у вёсцы жылі 98 чалавек.
У час карных аперацый у чэрвені і верасні 1943 г. гітлераўцы загубілі жыхароў (39 чалавек, у т. л. 15 дзяцей ад 1,5 да 3 гадоў) і спалілі вёску (20 двароў).
Пасля вайны не адноўлена.
На магіле ахвяр нацызму ў лесе на беразе возера Каранёва ў 1965 г. пастаўлены абеліск.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».