pdf

ПАПОВА ГРАДА

Дата стварэння: 02.10.2023 11:14:23

Дата змены: 11.09.2024 16:17:33


location Google location Yandex

Папова Града, вёска, Чэрвеньскі раён

ПАПОВА ГРАДА, вёска, Чэрвеньскі раён

Мемарыяльны комплекс на месцы знішчанай гітлераўцамі разам з мірнымі жыхарамі вёскі Папова Града.

Папо́ва Града́

Вёска на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Знаходзілася за 2 км на ўсход ад в. Дуброва Чэрвеньскага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 58 чалавек.

У час карнай аперацыі 2 мая 1944 г. гітлераўцы загубілі жыхароў (55 чалавек, у т. л. 30 дзяцей) і спалілі вёску (22 двары).

Пасля вайны не адрадзілася.

На месцы былой вёскі у 1982 г. узведзены мемарыяльны комплекс, пастаўлена стэла з памятным надпісам. На месцы кожнага знішчанага двара мемарыяльны знак — ніжні абпалены вянок зруба і сімвалічны чорны комін, да якога прымацавана таблічка з прозвішчамі жыхароў, якія загінулі. Адноўлены 3 калодзежы, зроблены макет згарэлага хлява, дзе былі загублены жыхары вёскі. Усе элементы мемарыяла злучаны сцяжынкамі, якія абкладзены камянямі.

Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».