Дата стварэння: 02.10.2023 11:21:31
Дата змены: 11.09.2024 16:16:18
Прыся́га белару́скага партыза́на
Урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з савецкай зямлі.
Упершыню прысягу партызаны Беларусі давалі ў Грамадзянскую вайну, у 1920‑я гады.
У Вялікую Айчынную вайну ў асобных атрадах прысягу прымалі з першых дзён існавання партызанскага руху. Тэксты выпрацоўваліся непасрэдна ў атрадах.
Адзіны тэкст прысягі распрацаваны ў пачатку жніўня 1941 г. ЦК КП(б)Б і партызанскай школай (каля Гомеля), надрукаваны ў газеце «Звязда» і лістоўках, якія з самалётаў былі скінуты над акупіраванай тэрыторыяй Беларусі. На сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б 12 мая 1942 г. зацверджаны тэкст прысягі і парадак яе прыняцця. Лістоўкі з тэкстам прысягі (100 тыс. экзэмпляраў) з дапамогай авіяцыі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. Прысягу беларускага партызана прымалі перад строем атрада пад сцягам.