ПАРТЫЗАНСКАЕ ЗЛУЧЭННЕ , адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, палкоў, атрадаў у Вялікую Айчынную вайну
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЕ ЗЛУЧЭННЕ

Дата стварэння: 02.10.2023 11:24:02

Дата змены: 11.09.2024 14:58:23

Партыза́нскае злучэ́нне

Арганізацыйная форма аб’яднання партызанскіх брыгад, палкоў, атрадаў, якія дзейнічалі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі, акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

У выніку шырокага партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі былі створаны шматлікія партызанскія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбны былі цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з савецкім тылам. Фарміраваліся Цэнтральным штабам беларускага руху (ЦШБР), Беларускім штабам партызанскага руху (БШПР), падпольнымі абкамамі, міжрайкамамі, міжрайпартцэнтрамі і райкамамі партыі. Баявы і колькасны склад злучэнняў залежаў ад партызанскіх сіл у раёне, іх дыслакацыі, умоў размяшчэння, матэрыяльнага забеспячэння, характару баявых задач. У баявой дзейнасці партызанскага злучэння спалучаліся абавязковае выкананне загадаў аб’яднанага камандавання ўсімі фарміраваннямі злучэння пры вырашэнні агульных баявых задач і максімальная самастойнасць у выбары форм і метадаў барацьбы.

На акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [называліся партызанскімі злучэннямі, ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ) і цэнтрамі]: Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае абласныя злучэнні; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўднёвай зон Баранавіцкай вобласці, Паўднёва-Прыпяцкай зоны Палескай вобласці, Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская ВАГ; партызанскае злучэнне «Трынаццаць» і інш.

Большасць партызанскіх злучэнняў створана ў 1943 г. Акрамя асобных атрадаў, палкоў, брыгад, якія ўваходзілі ў злучэнне, часта ствараліся спецыяльныя падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся непасрэдна камандзіру злучэння. Узначальвалі злучэнні звычайна сакратары падпольных абкамаў, міжрайкамаў (міжрайпартцэнтраў) партыі ці афіцэры Чырвонай арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. Партызанскія злучэнні вытрымалі выпрабаванні ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі, садзейнічалі павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партызанскім рухам, баявой актыўнасці брыгад і атрадаў.