Перака́лле
Вёска на тэрыторыі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 1,5 км на паўночны захад ад в. Залессе Акцябрскага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 115 чалавек.
У час карнай аперацыі ў красавіку 1942 г. гітлераўцы загубілі 76 жыхароў, разрабавалі маёмасць і спалілі вёску (27 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На магіле ахвяр фашызму ў 1964 г. пастаўлена стэла.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».