Ру́бчыкі
Вёска на тэрыторыі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 1 км на поўдзень ад в. Выдрыцкія Каханавіцкага сельсавета. Перад вайной у вёсцы жылі 96 чалавек.
У час карнай аперацыі ў лютым 1943 г. гітлераўцы загубілі 51 жыхара і спалілі вёску (20 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На месцы былой вёскі ў 1982 г. насыпаны курган, на вяршыні якога ўстаноўлена стэла.
Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».