Бо́ркі
Вёска ў Баравіцкім сельсавеце Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі акупантамі разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і адноўленая пасля вайны.
Перад вайной у вёсцы жылі 495 чалавек.
Карны батальён пад камандаваннем О. Дырлевангера 15 чэрвеня 1942 г. загубіў 486 жыхароў і спаліў вёску (69 двароў). Паводле данясення О. Дырлевангера, усяго ў гэты дзень у Борках і навакольных вёсках і пасёлках яго батальёнам знішчаны 2027 чалавек (паводле іншых звестак — 1800 чалавек).
Ахвяры нацызму пахаваны ў брацкай магіле ў цэнтры вёскі. У 1964 г. на магіле пастаўлены помнік, у 2004 г. узведзена мемарыяльная капліца ў гонар абраза Божай Маці «Адшуканне загінулых». Тут 31 жніўня 2008 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». У 2020 г. ён рэканструяваны і пашыраны (урачыстае адкрыццё адбылося 20 чэрвеня 2020). Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь» на адным з «Дрэваў жыцця».
Трагедыя ў Борках і навакольных населеных пунктах легла ў аснову аповесці «Карнікі» А. Адамовіча (1980).