Дата стварэння: 24.10.2023 09:09:29
Дата змены: 27.02.2025 16:12:09
«Большэві́цкі шлях» («Бальшавіцкі шлях»)
Газета, заснавана ў красавіку 1917 г. у г. Полацк пад назвай «Революционный голос» (выданне Полацкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў). З 3 студзеня 1918 г. пачала выходзіць аб’яднаная газета «Известия Армейского Совета солдатских депутатов ІІІ Армии и Полоцкого совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов». Было выдадзена 25 нумароў, але ў сувязі з набліжэннем фронту ў лютым 1918 г. газета прыпыніла сваю дзейнасць. Пасля вызвалення горада з лістапада 1918 г. выходзіла пад назвай «Красная газета» і з’яўлялася органам Полацкага павятовага выканаўчага камітэта. Назвы газеты неаднаразова змяняліся («Известия Полоцкого уездного Совета рабочих, крестьянских, батрацких и красноармейских депутатов» са снежня 1918, «Октябрьское эхо» з лістапада 1919, «Красное знамя» са студзеня 1922). Пасля гадавога перапынку з верасня 1924 г. друкавалася пад назвай «Полоцкий пахарь» [выданне Полацкага акружнога камітэта КП(б)Б і акружнога выканкама]. З 1926 г. газета ўпершыню пачала выдавацца на беларускай мове пад назвай «Чырвоная Полаччына» [орган Полацкага акружнога камітэта КП(Б)б і акружнога выканаўчага камітэта да 1930, затым — раённага камітэта КП(б)Б і раённага выканкама]. Са студзеня 1936 г. па ліпень 1938 г. — «Бальшавік Полаччыны», выданне Полацкага акружнога і раённага камітэтаў КП(б)Б і акружнога выканкама. З 1938 г. выходзіла пад назвай «Большэвіцкі шлях» як орган Полацкага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Віцебскай вобласці (да 25.6.1941).
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Полацкага падпольнага райкама КП(б)Б. З чэрвеня па кастрычнік 1943 г. падпольна выйшла 12 нумароў газеты. Вядома 6 нумароў на беларускай мове: № 1 за 2 чэрвеня, № 4 за 29 чэрвеня, № 8 за 3 верасня, № 9 за 11 верасня, № 10 за 26 верасня, № 12 за 23 кастрычніка. Рэдактар Ф. Т. Шэдаў, намеснік рэдактара П. А. Шадзеўскі.
Газета распаўсюджвалася ў Полацку, нямецкіх гарнізонах, прыгарадных вёсках. Чытачы газеты маглі азнаёміцца з матэрыяламі аб моладзі, лістом воінаў-беларусаў да партызан і партызанак, да ўсяго беларускага народа, даведацца пра іншыя падзеі.
Напярэдадні 26‑й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. да выпуску рыхтаваўся святочны нумар, але выпусціць яго не змаглі, паколькі ў партызанскі раён уварваліся нямецкія войскі. Разам з партызанамі супрацоўнікі газеты адышлі за лінію фронту. Рэдакцыя газеты аднавіла сваю работу ў снежні 1943 г. на вызваленай Чырвонай арміяй тэрыторыі Полацкага раёна. У студзені — маі 1944 г. выйшла 19 нумароў, рэдактарам якіх быў П. А. Шадзеўскі.
Пасля вызвалення БССР газета выдавалася пад той жа назвай. З канца 1952 г. выходзіла пад назвай «Сталінскі шлях», з’яўлялася органам Полацкага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных. У студзені 1956 г. аб’ядналася з газетай «Сцяг камунізму», што пачала выходзіць у Полацку яшчэ ў верасні 1944 г. пад назвай «Бальшавіцкі сцяг» (да лістапада 1952) як орган Полацкіх абкама і гаркама КПБ, абласнога і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных, а з лютага 1954 г. (пасля скасавання Полацкай вобласці) — як орган Полацкага гаркама КПБ і гарадскога Савета дэпутатаў працоўных. З 1965 г. газета друкавалася як орган Полацкага райкама і Полацкага гаркама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).
З 1991 г. аб’яднаная газета, выходзіць пад назвай «Полацкі веснік» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Полацкі раённы і Полацкі гарадскі выканаўчыя камітэты, Полацкі раённы і Полацкі гарадскі Саветы дэпутатаў; з 2014 г. — Полацкі раённы выканаўчы камітэт і Полацкі раённы Савет дэпутатаў.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Регионы Беларуси. Витебская область: энциклопедия: в 7 т. Т. 2. Кн. 2 / Редкол.: Т. В. Белова (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2011.
Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліяграфічны паказальнік / склад. В. С. Адамовіч. – Мінск: Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна, 1975.
Газеты Белорусской ССР, 1917–1975: библиографический указатель: в 2 ч. Ч. 1 / сост.: Л. К. Форостяная, К. М. Калугина, Д. Н. Катюшина. – Минск: Дзяржаўная кніжная палата БССР, 1984.
Газеты Беларусі 1776–1975: бібліяграфічны паказальнік / склад.: Л. М. Няхайчык, Ю. А. Ерашэвіч, В. Я. Бакуновіч. – Мінск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003.
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / ред.: В. Н. Султанов, А. П. Костелецкая. – Минск: Издательство «Беларусь», 1975.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Полацкага раёна / Рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1999.
І паўстаў народ...: факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў / уклад.: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.
Воднева І. П. Газеты 1941–1945 гг., надрукаваныя на тэрыторыі Беларусі, у фондах НПГКМЗ // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі: (па выніках навукова-даследчай работы ў 2005 г.) / уклад. Т. А. Джумантаева. – Полацк: НПГКМЗ, 2006.
Павлова С. А. Книга и чтение в жизни партизан Беларуси. – Минск: Белорусский государственный университет культуры и искусств, 2011.