pdf

ДЗЯТЛАЎСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:18:18

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20

Дзя́тлаўскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле

Дзейнічала з верасня 1941 г. да ліпеня 1944 г. на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Дзятлаўскага і Казлоўшчынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці пад кіраўніцтвам Дзятлаўскага і Казлоўшчынскага падпольных райкамаў ЛКСМБ (з чэрвеня 1943) у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала больш за 30 чалавек, 2 падпольныя групы.

Група ў в. Явар Казлоўшчынскага раёна (цяпер у Дзятлаўскім раёне Гродзенскай вобласці) налічвала 20 падпольшчыкаў, 5 з іх камсамольцы. Кіраўнікі: камсамольцы С. I. Белы (да красавіка 1943), Б. I. Белы (да снежня 1943). У групу ўваходзілі чыгуначнікі станцыі Слонім I. В. Валанцэвіч, У. I. Гульнік, К. М. Нагавонскі, былыя вучні мясцовай школы У. I. Белы, Б. I. Гульнік, М. А. Гульнік, А. А. Рагіневіч, А. Б. Шэйбак і інш.; ім актыўна памагалі камандзіры Чырвонай арміі камуніст [П. Е.] Сцяпанаў і камсамолец Ю. I. Аленін, якія трапілі ў акружэнне і засталіся на акупіраванай тэрыторыі.

Падпольная група ў в. Зачэпічы Дзятлаўскага раёна створана ў лістападзе 1941 г. Кіраўнікі: камсамольцы М. П. Сніціч (з 1 студзеня да 15 ліпеня 1944 быў сакратаром Дзятлаўскага падпольнага райкама ЛКСМБ), з верасня 1942 г. Н. П. Сніціч. З 11 членаў групы 7 былі камсамольцамі. У яе складзе былы работнік народнага суда г. Ліда Ф. А. Калодка, калгаснікі сельгасарцелі імя М. І. Калініна [А. П.] Валюк, У. М. Грос, С. Л. Ланцэвіч, М. Е. Місарэвіч, В. П. Скабейка, А. I. Сніціч, В. I. Тананушка.

Падполле падтрымлівала сувязь з камандаваннем партызанскіх атрадаў («Балтыец», «Барацьба», «Ленінскі», «Перамога») Ленінскай і іншых партызанскіх брыгад.

Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, прадукты, былі праваднікамі, зрывалі адпраўку моладзі на катаргу ў Германію і мабілізацыю яе на работы для акупантаў.

Падпольшчыкі в. Явар перадалі партызанам 5 кулямётаў, 21 вінтоўку, 6 пісталетаў, больш за сотню снарадаў, мін і іншых боепрыпасаў; звесткі пра размяшчэнне агнявых кропак, драцяных загарод, колькасць і часы змены вартавых у варожым гарнізоне ў раённым цэнтры Казлоўшчына. Па іх звестках восенню 1942 г. партызаны разграмілі гэты гарнізон. У лістападзе 1942 г. К. М. Нагавонскі, С. П. Шэйбак, С. I. Белы з групай партызан атрада «Барацьба» падпалілі склады на чыгуначнай станцыі Наваельня на лініі Баранавічы — Ліда.

Падпольная група в. Зачэпічы здабывала зброю для партызан, памагала праводзіць дыверсіі на чыгунцы, вясной 1942 г. пашкодзіла тэлефонную сувязь паміж вёскамі Нясіловічы і Гезгалы Дзятлаўскага раёна.

У канцы 1943 г. большасць падпольшчыкаў пайшла да партызан, а тыя, што засталіся, працягвалі барацьбу да вызвалення. У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі А. М. Буйко і I. В. Валанцэвіч.