Дата стварэння: 24.10.2023 09:18:58
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
До́брушскае парты́йна-кaмсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Добруш і Добрушскім раёне Гомельскай вобласці са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 падпольшчыкаў, сярод якіх 3 камуністы і 36 камсамольцаў. Кіраўнік падполля — рабочы папяровай фабрыкі «Герой працы» Н. С. Кулікоў, яго намеснік — рабочы гэтай жа фабрыкі, камуніст Д. М. Гладышаў.
Групы сфарміраваліся з рабочых Добруша (кіраўнік Н. С. Кулікоў), навучэнцаў сярэдняй школы і былых ваеннаслужачых (У. I. Агрызка), работнікаў Добрушскага лясніцтва (Г. А. Тычынскі і С. М. Веркін), з жыхароў Добруша (I. П. Бейзераў), з жыхароў в. Чырвоны Камень (Т. К. Панкоў).
Падполле працавала ў цесным кантакце са спецгрупамі Чырвонай арміі, камандаваннем партызанскай брыгады Добрушскай імя I. В. Сталіна, з чэрвеня 1943 г. — пад кіраўніцтвам Добрушскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ.
Адразу пасля адступлення з Добруша Чырвонай арміі 22 жніўня 1941 г. падпольшчыкі групы Н. С. Кулікова пачалі знішчаць абсталяванне папяровай фабрыкі, якое не паспелі вывезці ў савецкі тыл, гаручае на сядзібе Добрушскай МТС, пашкодзілі падземны кабель. Збіралі зброю і боепрыпасы. Знойдзеныя на месцах баёў металічныя «вожыкі» патрыёты раскідвалі на дарогах пры падыходзе транспарту праціўніка. У дыверсіях удзельнічалі І. П. Бейзераў, А. I. Дудараў, А. Н. Кулікоў, Н. С. Кулікоў, Ф. Я. Кухараў.
Падпольшчыкі ў жніўні 1942 г. дапамаглі Чарнігаўскаму партызанскаму злучэнню Украіны паспяхова фарсіраваць р. Іпуць і выйсці ў Чачэрскія лясы, а ў лютым 1943 г. вярнуцца на Чарнігаўшчыну. Па звестках Н. С. Кулікова, у канцы верасня 1942 г. было паведамлена камандаванню аб’яднаных спецгруп Чырвонай арміі аб праходжанні праз станцыю Добруш асабліва сакрэтнага эшалона праціўніка. У выніку выбуху каля чыгуначнай станцыі Закапыцце знішчана вялікая колькасць фашысцкіх ваеннаслужачых, у асноўным афіцэраў-лётчыкаў.
На ўчастку чыгункі Гомель — Бранск у маі 1943 г. пушчаны пад адхон 3 варожыя эшалоны. Галоўным арганізатарам і выканаўцам гэтых дыверсій быў Ф. Я. Кухараў.
З дапамогай падпольшчыкаў горада партызаны Добрушскай брыгады ў ліпені 1943 г. знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, у верасні ўзарвалі падрыхтаваную да адпраўкі ў Германію пілараму і артылерыйскі склад.
Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, аказвалі дапамогу савецкім ваеннапалонным, якія ўцяклі з лагераў, вялі разведку, выяўлялі варожую агентуру (асабліва вызначылася група в. Чырвоны Камень).
За баявыя подзвігі ў тыле ворага многія патрыёты ўдастоены ўрадавых узнагарод. Ф. Я. Кухараву, які ў ліпені 1943 г. пайшоў у партызаны, прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (1944).
У барацьбе з акупантамі загінулі падпольшчыкі I. Р. Агрызка, С. С. Башылаў, Т. I. Васілеўская, В. С. Веркін, П. М. Грыцава, А. К. Грэбень, I. Ф. Зюзькоў, Г. П. Калугіна, В. П. Куземчанка, Ф. X. Мядзведзеў, Я. П. Пятрэнкаў, I. М. Смірноў, С. I. Спраўцаў.