pdf

НОВАТУХІНСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:35:34

Дата змены: 11.09.2024 16:01:20


Новатухі́нскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў чэрвені 1941 г. — снежні 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў в. Новая Тухінь Дубровенскага pаёна Віцебскай вобласці.

Аб’ядноўвала 14 чалавек, у т. л. 3 камуністаў і 5 камсамольцаў. Кіраўнік камуніст В. Р. Свойнікаў (Свайняк). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з адным з кіраўнікоў Аршанскага партыйна-камсамольскага падполля Л. Н. Анкіновічам праз аршанскага падпольшчыка А. I. Палітава — з упаўнаважаным ЦК КП(б)‌Б I. С. Шурманам.

Яшчэ да акупацыі раёна камуністы, камсамольцы і актывісты вёскі прымалі ўдзел у барацьбе супраць варожых дыверсантаў, аднаўлялі разбуранае чыгуначнае палатно. Па заданню кіраўніцтва групы ўладкаваліся на працу ў валасную ўправу падпольшчыкі Г. Е. Кузьмянкоў (стаў бургамістрам воласці) і I. М. Саўкін (валасным пісарам). Яны перадавалі на явачныя кватэры, якія трымалі Е. В. Свойнікава і А. Т. Васілёнак, бланкі дакументаў, звесткі аб намерах акупацыйных улад. Сувязь з Аршанскім падполлем падтрымлівалі Е. В. Свойнікава, Д. Я. Тарасенка, з партызанамі — С. М. Свойнікава, [В. В.] Свойнікава, П. П. Бялясаў і інш.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі савецкія лістоўкі і газеты, збіралі зброю, боепрыпасы, дапамагалі чырвонаармейцам, якія выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, дакументамі. Паведамлялі партызанам звесткі аб варожых абозах з харчамі, нарабаванымі ў насельніцтва. Пусцілі пад адхон воінскі эшалон, які ішоў з Оршы ў Смаленск.

У снежні 1942 г. гітлераўцы арыштавалі патрыётаў. Пасля зверскіх катаванняў у Оршы пакараны смерцю П. П. Бялясаў, А. Т. Васілёнак, Б. А. Васілёнак, А. П. Доўбыш, Г. Е. Кузьмянкоў, I. М. Саўкін, В. Р. Свойнікаў, Е. В. Свойнікава, С. М. Свойнікава, Д. Я. Тарасенка, Ф. М. Шабураў, П. Ц. Шыцікаў.

У в. Новая Тухінь у гонар падпольшчыкаў устаноўлена мемарыяльная пліта.