Дата стварэння: 02.11.2023 16:24:44
Дата змены: 10.11.2025 11:50:08
Арша́нскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў г. Орша і Аршанскім раёне Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б і Аршанскага падпольнага райкама КП(б)Б з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Орша акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі 16 ліпеня 1941 г. Да гэтага часу партыйныя і камсамольскія органы падабралі кадры для барацьбы ў падполлі, канспіратыўныя кватэры, стварылі базы са зброяй, боепрыпасамі і харчамі на льнокамбінаце, хлебазаводзе, у лясах каля Беларускай дзяржаўнай раённай электрастанцыі (БелДРЭС), рабочага пасёлка Асінторф, в. Руміна.
У дзень акупацыі горада быў выбраны партыйны цэнтр па арганізацыі і кіраўніцтве падполлем у горадзе і раёне, у які ўвайшлі Л. Н. Анкіновіч, А. Ц. Скаварада, А. Г. Шкабарын. Члены партыйнага цэнтра наладжвалі сувязі з камуністамі, давалі ім заданні па разгортванні падпольнай барацьбы. Явачныя кватэры ў Оршы трымалі Я. М. Канцавы, [Г. Т.] Бяляўская, Е. К. Сухадольская, у в. Малотынь — Я. I. Шыбека, на чыгуначнай станцыі Бурбін Сенненскага раёна Віцебскай вобласці на лініі Орша — Лепель — А. М. Аўдзеева і інш.
У 1941 г. створана больш за 20 падпольных груп; усяго ў гады акупацыі ў Оршы і раёне дзейнічала каля 80 падпольных груп, больш за 520 камуністаў і камсамольцаў, 300 беспартыйных патрыётаў.
У жніўні 1941 г. ва ўмовах строгай канспірацыі аршанскія патрыёты правялі некалькі вялікіх нарад па пытаннях арганізацыі і пашырэння падпольнай барацьбы ў горадзе і раёне. На адным са сходаў камуністы выбралі А. Ц. Скавараду сакратаром падпольнай партыйнай арганізацыі ў горадзе, А. Г. Шкабарына — яго намеснікам.
Першыя падпольныя групы пачалі дзейнічаць у ліпені — верасні 1941 г.: на чыгуначным вузле — кіраўнікі К. У. Грачыха, М. П. Кузьмін, Е. М. Шамшурава, з былых рабочых ільнокамбіната — I. К. Петрачэнка, у друкарні — А. П. Нікалаеў, у лагеры ваеннапалонных — В. А. Марчак, у в. Вялікае Сяло — Л. В. Кандрацьеў, у в. Высокае — П. А. Пахомчык, у в. Дзевіна — А. М. Хорань, у в. Шыбекі — А. М. Гурын, у в. Юрцава — М. С. Сіўцоў і інш.
Падпольшчыкі вялі палітычную работу, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, рабілі дыверсіі.
У жніўні 1941 г. група I. К. Петрачэнкі ўзарвала часовы мост цераз р. Дняпро, дыверсія машыніста В. М. Кашына на суткі спыніла рух на чыгунцы Мінск — Масква.
Камсамольская падпольная група на чале з М. П. Кузьміным да восені 1941 г. мела радыёпрыёмнік, 25 вінтовак, некалькі тысяч патронаў, 53 гранаты, ручны кулямёт.
З савецкага тылу прыбыла і з лістапада 1941 г. пачала дзейнічаць на Аршанскім чыгуначным вузле група К. С. Заслонава, якую разам з ім узначальвалі А. Я. Андрэеў, С. I. Чэбрыкаў, П. В. Шурмін. Яна стварыла некалькі дыверсійных груп з машыністаў і рабочых дэпо. Падпольшчыкі рабілі замаскіраваныя пад кавалкі вугалю міны, якія ўзрываліся падчас руху цягніка, калі траплялі ў топку паравоза, пусцілі пад адхон 6 варожых эшалонаў, вывелі са строю больш за 170 паравозаў, сістэму водазабеспячэння чыгуначнага вузла, паваротны круг для паравозаў, дызель-маторную электрастанцыю, узарвалі некалькі складоў з боепрыпасамі і харчамі, знішчылі больш за 400 гітлераўцаў. Пад пагрозай правалу ў лютым 1942 г. К. С. Заслонаў з групай падпольшчыкаў пакінуў Оршу і разгарнуў партызанскую барацьбу (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 1‑я імя К. С. Заслонава).
У 1942–1944 гг. на чыгуначным вузле група Д. М. Бохана падарвала 13 эшалонаў, 5 паравозаў, 14 аўтамашын з гітлераўцамі, сапсавала 78 паравозаў, знішчыла 236 вагонаў з ваеннай маёмасцю.
Група братоў А. І. Бяляўскага, Б. І. Бяляўскага, І. І. Бяляўскага, К. І. Бяляўскага двойчы выводзіла са строю кампрэсарную станцыю, сыпала пясок у буксы вагонаў і паравозаў, здабывала зброю з эшалонаў, знішчала фашыстаў.
Група Ф. Я. Коўтуна, члены якой уладкаваліся ў ахову варожых цягнікоў, здабывала для партызан боепрыпасы, перадавала савецкаму камандаванню ўзоры новых нямецкіх снарадаў. Ф. Я. Коўтун замініраваў састаў са снарадамі, які ў ноч на 30 жніўня 1943 г. узарваўся на чыгуначнай станцыі Самалюбаўка (цяпер не існуе) на лініі Осва — Рослаўль у Смаленскай вобласці Расіі. У выніку рух па чыгунцы быў спынены на 7 дзён.
На лесапільным заводзе дзейнічала група на чале з камуністам I. Ф. Голубам, падпольшчыкі якой здабывалі для партызан брыгад 1‑й імя К. С. Заслонава і «Чэкіст» зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перапраўлялі людзей у партызаны.
Група камсамолкі З. М. Шэвень на аэрадроме ў в. Балбасава з кастрычніка 1941 г. да красавіка 1944 г. збірала звесткі аб колькасці самалётаў, лётным саставе ворага, размяшчэнні складоў, мініравала самалёты, узарвала 7 аўтамашын з ваеннымі грузамі, 5 цыстэрнаў з гаручым, рухомую радыёстанцыю, гараж з запаснымі часткамі.
Аршанскія падпольшчыкі разам з партызанамі атрада «Дзядзькі Косці» 1‑й партызанскай брыгады імя К. С. Заслонава ў ліпені 1943 г. на чыгуначным вузле ўзарвалі 25 цыстэрнаў і платформ з бензінам.
У выніку растлумачальнай работы групы С. С. Благачыннага, Л. В. Кандрацьева, М. Эрнца, I. Г. Яцко і іншых сярод салдат варожых калабарацыянісцкіх фарміраванняў летам 1943 г. да партызан перайшлі аўтарота з Оршы і 24 чалавекі з эскадрона ў в. Старое Сяло.
Падпольшчыкі Я. П. Ісачанка, Л. В. Кандрацьеў, Л. Я. Пісараў і іншыя працавалі ва ўстановах акупантаў, здабывалі для партызан звесткі пра ваенныя аб’екты, загады ворага, дакументы для патрыётаў. У час падрыхтоўкі Беларускай аперацыі 1944 г. падпольшчыкі груп С. А. Багданоўскага, Л. В. Кандрацьева, Л. Я. Пісарава перадалі савецкаму камандаванню больш за 200 карт, схем і іншых звестак аб умацаваннях ворага.
У барацьбе з акупантамі загінула амаль палавіна падпольшчыкаў, у т. л. Ф. В. Агароднікава, Л. Н. Анкіновіч, А. З. Атрашкевіч, Ф. А. Аўдзееў, С. С. Благачынны, А. I. Бяляўскі, Б. I. Бяляўскі, I. I. Бяляўскі і К. I. Бяляўскі, [А.] С. Галушкаў і Э. А. Галушкаў, С. І. Гарбукова, I. Ф. Голуб, К. В. Графутка, Л. Я. Графутка і Я. Я. Графутка, К. У. Грачыха, М. Я. Грышанава, Я. П. Ісачанка, М. П. Камінскі, Л. В. Кандрацьеў, Г. Ц. Карабкіна, Г. X. Каралёў, Л. I. Красноўскі, М. П. Кузьмін, П. Р. Кунцэвіч, Л. I. Мурамцава, А. П. Нікалаеў і Е. I. Нікалаева, I. К. Петрачэнка, А. А. Рыбакоў і В. А. Рыбакоў, А. Ц. Скаварада, I. П. Сухадольская, В. I. Сухачэўскі і У. I. Сухачэўскі, С. I. Чэбрыкаў, А. Г. Шкабарын, П. У. Шурмін і П. В. Шурмін, Б. I. Шчэрба і Г. I. Шчэрба, А. М. Шэвень і З. М. Шэвень, I. Г. Яцко.
Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. К. С. Заслонаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, на чыгуначнай станцыі Орша яму пастаўлены помнік.
У гонар падпольшчыкаў у Оршы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі і помнікі. Імёнамі загінуўшых патрыётаў А. I. Бяляўскага, Б. I. Бяляўскага, І. І. Бяляўскага, К. I. Бяляўскага, К. С. Заслонава, К. У. Грачыхі, С. I. Чэбрыкава і П. В. Шурміна ў горадзе названы вуліцы.
Матэрыялы пра падполле экспануюцца ў Ваенна-гістарычным музеі імя Героя Савецкага Саюза К. С. Заслонава.