pdf

ВІЦЕБСКІ ПАДПОЛЬНЫ АБКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 31.05.2024 11:11:08

Дата змены: 24.03.2026 10:38:16


Ві́цебскі падпо́льны абка́м КП(б)‌Б

Віцебскі падпольны абласны камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Віцебскай вобласці.

Створаны 8 сакавіка 1942 г. Цэнтральным камітэтам КП(б)‌Б і працаваў пад яго кіраўніцтвам.

Абкамам былі сфарміраваны і ў далейшым пад яго кіраўніцтвам дзейнічалі Віцебскі падпольны гаркам КП(б)‌Б, 20 райкамаў — Аршанскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Асвейскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Багушэўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Бешанковіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Ветрынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Віцебскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Гарадоцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Дрысенскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Дубровенскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Лепельскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Лёзненскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Мехаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Полацкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Расонскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Сенненскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Сіроцінскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Суражскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Талачынскі падпольны райкам КП(б)‌Б, Ушацкі падпольны райкам КП(б)‌Б, Чашніцкі падпольны райкам КП(б)‌Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б], якія аб’ядноўвалі 198 пярвічных партыйных арганізацый, 3,8 тыс. камуністаў у партызанскіх фарміраваннях. Абкам каардынаваў дзейнасць 39 партызанскіх брыгад на тэрыторыі вобласці. Накіроўваў работу Віцебскага падпольнага абкама ЛКСМБ, Аршанскага партыйна-камсамольскага падполля, Асвейскага партыйна-патрыятычнага падполля, Асінторфскага камсамольска-маладзёжнага падполля, Боркавіцкага патрыятычнага падполля, Віцебскага партыйна-камсамольскага падполля, Гарбачэва-Мурагоўскага партыйна-камсамольскага падполля, Заборскага партыйна-камсамольскага падполля, Лепельскага партыйна-камсамольскага падполля, Межаўскага партыйна-камсамольскага падполля, Обальскага камсамольска-маладзёжнага падполля, Полацкага партыйна-камсамольскага падполля, Прошкаўскага камсамольска-маладзёжнага падполля, Расонскага партыйна-камсамольскага падполля, Сакалішчанскага партыйна-камсамольскага падполля, Сельніцка-Краснапольскага партыйна-камсамольскага падполля, Сімакоўскага камсамольска-маладзёжнага падполля, Ушацкага партыйна-камсамольскага падполля, Чашніцкага партыйнага падполля і інш.

Для аператыўнага кіраўніцтва партыйным падполлем i партызанскім рухам, расшырэння палітыка-масавай работы тэрыторыя вобласці была падзелена на 4 зоны, за кожнай замацавана аператыўная група з 3–5 інструктараў абкама на чале з адказным арганізатарам. У Аршанскай зоне групу ўзначальваў Г. Д. Рэзнікаў, у Віцебскай — В. Р. Кудзінаў, у Лепельскай — К. П. Бажанок, у Полацкай — Б. I. Мажайскі. У тыле ворага падоўгу знаходзіліся сакратары падпольнага абкама, асабліва Я. А. Жылянін i І. Б. Пазнякоў. Абкам вырашаў пытанні расстаноўкі кадраў, росту партыйных радоў у партызанскіх фарміраваннях, удасканалення структуры партызанскіх ciл, баявой дзейнасці партызан і падпольшчыкаў, распрацоўваў найбольш буйныя баявыя аперацыі, арганізоўваў і вёў агітацыйную i прапагандысцкую работу, дастаўку i распаўсюджанне газет i лістовак сярод насельніцтва ў тыле праціўніка.

Абкам базіраваўся ў прыфрантавой паласе на неакупіраванай тэрыторыі (гл. Віцебскія «вароты»).

Друкаваны орган абкама — газета «Віцебскі рабочы». Таксама газеты выдавалі 15 райкамаў (гл. Друк падпольны).

Спыніў сваю дзейнасць у пачатку ліпеня 1944 г.

Сакратары абкама: I. А. Стулаў (1‑ы сакратар), Я. А. Жылянін (з 23.4.1942), I. Б. Пазнякоў (з 1.11.1942), М. I. Пліс (з 7.4.1943); члены абкама: I. М. Рабцаў (да 5.9.1942), В. I. Лузгін (да чэрвеня 1944), М. П. Шмыроў (18.9.1943 — чэрвень 1944), С. В. Юрын (да 5.9.1942), В. Я. Каган (1.11.1942 — 8.2.1943).