pdf

УШАЦКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 10:16:56

Дата змены: 27.02.2025 16:10:27


Уша́цкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. п. Ушачы і Ушацкім раёне Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)‌Б з ліпеня 1941 г. да жніўня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала каля 100 чалавек, у т. л. 38 камуністаў і камсамольцаў.

Для арганізацыі падпольнай барацьбы партыйныя органы пакінулі на тэрыторыі раёна С. Я. Барадаўкіна, С. Б. Боркар, С. К. Паршонка, М. Ф. Машчова, А. I. Хвашча, У. Я. Васілеўскага і інш.; пасля акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі Віцебскі абкам КП(б)‌Б паслаў сюды Ф. Ф. Дуброўскага.

У ліпені — жніўні 1941 г. створаны групы: у г. п. Ушачы (кіраўнік Барадаўкін), вёсках Жары (Ф. Ф. Дуброўскі), Апанаскавічы і Яно́ва (С. Б. Боркар), Вялікія Дольцы і Весніцк (С. В. Маркевіч), Арэхаўна (I. А. Клопаў, з лістапада 1941 Ц. П. Гірсёнак). У жніўні — верасні 1941 г. Ф. Ф. Дуброўскі наладзіў сувязь з гэтымі групамі і стаў каардынаваць іх дзейнасць. Адначасова арганізаваны падпольныя групы ў вёсках Астраўляны (М. А. Цябут), У́свіца (У. Я. Васілеўскі), Глыбачка (У. Ф. Талочка), якія ў сярэдзіне жніўня 1941 г. аб’ядналіся. Да вясны 1942 г. гэтай аб’яднанай групай кіравала партбюро (сакратар М. А. Цябут, намеснік У. Я. Васілеўскі).

Падпольшчыкі вялі разведку для Чырвонай арміі, распаўсюджвалі сярод насельніцтва паведамленні Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад, перадалі партызанам больш за 100 адзінак стралковай зброі, 2 гарматы. Летам 1942 г. групы ўліліся ў партызанскі атрад «Смерць фашызму». Перад адыходам у партызаны падпольшчыкі разграмілі гітлераўскі гарнізон у в. Глыбачка і ўзнялі над будынкам камендатуры чырвоны сцяг.

У барацьбе з ворагам загінулі: П. I. Бурак, Г. Я. Валяўка, В. К. Дарашкевіч, Ф. Р. Дзенісенка, К. В. Казачонак, С. К. Казачонак, Ф. П. Кудраўцаў, І. А. Кулакоў, С. К. Паршонак, М. З. Станкевіч, З. П. Тамашэвіч, А. I. Хвошч, П. Ф. Хрыпель.

У 1958 г. ва Ушачах на брацкіх могілках падпольшчыкаў і савецкіх воінаў пастаўлены помнік.


Літаратура
  1. Лобанок В. Е. Всенародная борьба в тылу врага. – Минск: Беларусь, 1985.

  2. Партийное подполье в Белоруссии, 1941–1944: Страницы воспоминаний. Витебская, Могилёвская, Гомельская, Полесская области / Редкол.: В. Е. Лобанок (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1985.

  3. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  4. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Ушацкага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2003.