Дата стварэння: 18.02.2025 09:55:11
Дата змены: 27.02.2025 16:10:18
Бо́ркавіцкае патрыяты́чнае падпо́лле
Састаўная частка Сакалішчанскага партыйна-камсамольскага падполля. Дзейнічала ў в. Боркавічы Дрысенскага (цяпер Верхнядзвінскага) раёна з кастрычніка 1941 г. да чэрвеня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Кіраўнік — камуніст, майстар лесараспрацовак I. Р. Каваленка; члены: ваенны ўрач С. В. Бяляеў, настаўніца М. Я. Зайцава, аграном Ф. [А.] Жалязнова, работніца Віцебскай панчошнай фабрыкі М. В. Марціноўская, калгасніца Г. [П.] Шанько.
У 1941 г. падпольшчыкі вывелі са строю лакаматыў, пілараму на лесапільным заводзе, дзясяткі вагонаў на чыгуначнай станцыі Боркавічы на лініі Полацк — Даўгаўпілс (Латвія).
Для атрымання звестак аб праціўніку М. В. Марціноўская ўладкавалася на працу перакладчыцай каменданта.
Па даручэнні кіраўніцтва Сакалішчанскага падполля І. Р. Каваленка дамогся адкрыцця Боркавіцкага медпункта. Пры дапамозе сувязной Г. [П.] Шанько з лагера ваеннапалонных Баравуха 1‑я былі вызвалены і сталі працаваць у медпункце ўрачы С. В. Бяляеў і К. С. Шадурскі. Яны аказвалі дапамогу насельніцтву, забяспечвалі падпольшчыкаў медыкаментамі, неаднаразова зрывалі адпраўку моладзі на катаржныя работы ў Германію, у медыцынскіх заключэннях завышалі колькасць захворванняў на тыф сярод насельніцтва. С. В. Бяляеў атрымаў пропуск для наведвання хворых у 18 вёсках, што пашырыла яго магчымасць для падпольнай дзейнасці.
Атрымліваючы інфармацыю па радыёпрыёмніку, падпольшчыкі вялі работу сярод мясцовых жыхароў. Яны вызвалілі з лагера ваеннапалонных некалькі камандзіраў Чырвонай арміі. Рыхтуючыся да ўзброенай барацьбы з ворагам, схавалі 2 ручныя кулямёты з дыскамі, гранаты, 12 вінтовак, некалькі тысяч патронаў.
Актыўную дапамогу падпольшчыкам аказвалі былы выкладчык фізкультуры Боркавіцкай сярэдняй школы С. А. Даніловіч, загадчык паштовага аддзялення Г. В. Марціноўская, майстар лесараспрацовак [А. Я.] Папкоўскі, калгасніцы [В. I.] Лаўручонак, [Е. А.] Мацецкая, [Г. М.] Снапок, З. С. Якубава, ваеннаслужачы-акружэнец А. Я. Мільцман.
У жніўні 1942 г. за лінію фронту адпраўлены ваенныя спецыялісты С. В. Бяляеў і А. Я. Мільцман, у партызанскі атрад «Баявы» пайшоў К. С. Шадурскі.
Былі арыштаваны і загублены фашыстамі I. Р. Каваленка, Ф. [А.] Жалязнова, М. Я. Зайцава, М. В. Марціноўская.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Верхнядзвінскага раёна: у 2 кн. / Рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.]. – Мінск: Палiграфафармленне, 1999–2000.