pdf

АСІНТОРФСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 09:52:53

Дата змены: 27.02.2025 16:10:18


Асінто́рфскае камсамольска-маладзёжнае падполле

Дзейнічала ў раёне прадпрыемства «Асінторф», Беларускай дзяржаўнай раённай электрастанцыі (БелДРЭC) і чыгуначнай станцыі Асінаўка (на лініі Орша — Смаленск) у Дубровенскім раёне Віцебскай вобласці са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана 10 жніўня 1941 г. былым дырэктарам торфапрадпрыемства Г. Р. Амельчанкам з маладых рабочых торфапрадпрыемства і вучняў сярэдняй школы. Аб’ядноўвала каля 50 чалавек. У штаб уваходзілі: С. П. Шмуглеўскі (камандзір), Я. У. Вільсоўскі (камісар), Л. К. Букацік, В. Ф. Агурцоў. Да лістапада 1942 г. дзейнасцю падполля кіраваў камандзір партызанскай брыгады «Дзядзькі Косці» (гл. Партызанская брыгада 1‑я імя К. С. Заслонава) К. СЗаслонаў, у лютым — кастрычніку 1943 г. — камандзір партызанскай брыгады 16‑й Смаленскай I. Р. Шлапакоў. Баявыя групы былі ў г. Дуброўна, рабочых пасёлках Цэнтральным, № 1, 2, 3, 5, 6, 8, 11, у Асінторфскім лагеры савецкіх ваеннапалонных, вёсках Судзілавічы, Заполле, Замоські, Азёры.

Уладкаваўшыся ва ўстановы акупантаў, падпольшчыкі перадавалі партызанам звесткі пра дыслакацыю войск праціўніка, перапраўлялі за лінію фронту і да партызан савецкіх грамадзян, здабывалі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, забяспечвалі партызанскіх разведчыкаў дакументамі, пропускамі, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, арганізоўвалі ўцёкі савецкіх ваеннапалонных з лагераў, перапраўлялі іх да партызан, ратавалі савецкую моладзь і ваеннапалонных ад вывазу ў Германію, псавалі тэлефонную сувязь, машыны і абсталяванне для здабычы торфу. Падпольшчыкі ўзарвалі чыгуначны мост, спалілі плаціну помпавай станцыі, знішчылі 3 склады боепрыпасаў, ваеннай маёмасці і гаручага, вывелі са строю сістэму гідраторфу, спалілі дом адпачынку фашысцкіх афіцэраў.

Летам 1942 г. у раёне дзейнасці Асінторфскага падполля гітлераўцы пачалі фарміраванне з савецкіх ваеннапалонных і былых рускіх белагвардзейцаў так званай Рускай нацыянальнай народнай арміі (РННА) для барацьбы з савецкімі партызанамі. Па даручэнні К. С. Заслонава камсамольцы-падпольшчыкі пачалі працу па разлажэнні частак гэтай «арміі». Яны пранікалі ў гарнізоны РННА, заводзілі знаёмствы сярод афіцэраў і салдат, каб вывучыць іх настроі. Калі асобныя групы і падраздзяленні так званых народнікаў паказвалі жаданне і гатоўнасць пайсці ў партызаны, падпольшчыкі дапамагалі ім у гэтым. Байцамі партызанскіх фарміраванняў сталі сотні былых варожых салдат і афіцэраў.

Падчас выканання заданняў камбрыга 16‑й Смаленскай брыгады І. Р. Шлапакова падпольшчыкі ўзарвалі чыгуначны мост па дарозе Асінторф — БелДРЭС, спалілі нямецкі склад на станцыі Асінаўка.

Летам і восенню 1943 г. пад пагрозай арышту і з набліжэннем лініі фронту падпольшчыкі ўліліся ў 16‑ю Смаленскую партызанскую брыгаду.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі: В. Ф. Агурцоў, Л. К. Букацік, Я. У. Вільсоўскі, Я. С. Гароднікаў, А. I. Жэнікаў, П. I. Клімовіч, М. Д. Малаховіч, Н. А. Нольберт, М. М. Пахоменка, Н. П. Пракапенка, І. І. Траццякоў і Г. I. Траццякоў, Я. І. Цяленчанка і М. I. Цяленчанка, I. П. Яроменка. Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі.

На аўтамагістралі Мінск — Масква, непадалёку ад аграгарадка Асінторф Дубровенскага раёна героям падполля пастаўлены манумент (1966, скульптар Г. I. Мурамцаў, архітэктары В. Занковіч, Л. Левін). На будынку Асінторфскай сярэдняй школы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці устаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар кіраўніка Асінторфскага камсамольска-маладзёжнага падполля С. П. Шмуглеўскага і яго баявых таварышаў-падпольшчыкаў.


Літаратура
  1. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1985.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дубровенскага раёна: у 2 кн. / Рэдкал.: А. Я. Гаўрушкаў [і інш.]. – Мінск: Паліграфафармленне, 1996–1997.

  4. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Оршы і Аршанскага раёна: у 2 кн. Кн. 1 / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1999.

  5. Шмуглевский С. П. Юность, обожженная войной: из истории Осинторфского антифашистского подполья и блокадных боев Ушачско-Лепельской партизанской зоны (1941–1944). – Молодечно: УП Типография «Победа», 2005.