Дата стварэння: 28.12.2023 13:51:28
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
Ру́ская нацыяна́льная наро́дная а́рмія (РННА)
Вайсковае фарміраванне з грамадзян СССР і рускіх эмігрантаў, створанае ў пачатку 1942 г. пры групе нямецкіх армій «Цэнтр» у час Вялікай Айчыннай вайны. Паводле нямецкіх дакументаў, мела таксама назвы «Рускі батальён спецыяльнага прызначэння», «Падраздзяленне абвера 203», злучэнне «Сівая галава».
Кіраўнік — былы эмігрант інжынер С. Н. Іваноў.
Асноўныя задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў для засылкі ў савецкі тыл з мэтай разлажэння чырвонаармейскіх часцей і пераходу іх на бок вермахта.
Ідэалагічная платформа — барацьба за новую расійскую дзяржаву без бальшавікоў і ў саюзе з нацысцкай Германіяй.
У РННА набіралі добраахвотнікаў з ліку савецкіх ваеннапалонных у лагерах гарадоў Барысаў Мінскай вобласці, Смаленск, Рослаўль, Вязьма Смаленскай вобласці (Расія).
Дыслацыравалася ў рабочым пасёлку Асінторф Аршанскага раёна (цяпер аграгарадок у Дубровенскім раёне) Віцебскай вобласці, дзе знаходзіліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралковы батальён фарміраваўся ў Шклове (лагер «Волма»). Навучанне асабовага складу вялося па статутах Чырвонай арміі.
Пасля няўдалых антыпартызанскіх аперацый восенню 1942 г. РННА ўзначалілі былыя ваеннаслужачыя Чырвонай арміі: палкоўнік У. І. Баярскі і брыгадны камісар Г. М. Жылянкоў (будучы паплечнік камандуючага т. зв. Рускай вызваленчай арміяй генерала А. А. Уласава). Яны імкнуліся стварыць Камітэт вызвалення Радзімы і Рускую народную армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т. зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе пяці некамплектных усходніх батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. чалавек).
Пасля цяжкіх паражэнняў каля г. Вялікія Лукі (Расія) і ад беларускіх партызан у Бярэзінскім раёне (Магілёўская, цяпер Мінская вобласць) РННА перафарміравана ў 700‑ы ўсходні полк асобага прызначэння. Камандзірам яго стаў былы савецкі маёр Р. Ф. Рыль. Але фактычна злучэннем кіраваў паралельны нямецкі штаб на чале з палкоўнікам Карэці. Злучэнне расфарміравана ў канцы 1943 г., пасля таго як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў».
Жумар С. У. Руская нацыянальная народная армія // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузелі—Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2001.
Шмуглевский С. П. Юность, обожженная войной: из истории Осинторфского антифашистского подполья и блокадных боев Ушачско-Лепельской партизанской зоны (1941–1944). – Молодечно: УП Типография «Победа», 2005.
Жуков Д. А. РННА. Враг в советской форме / Д. А. Жуков, И. И. Ковтун. – Москва: Вече, 2012.