Дата стварэння: 02.11.2023 16:37:49
Дата змены: 11.09.2024 15:07:20
Партыза́нская брыга́да 16‑я Смале́нская
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Касплянскага і Руднянскага раёнаў Смаленскай вобласці РСФСР, Лёзненскага, Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Мёрскага, Пліскага, Шаркаўшчынскага і Свірскага раёнаў Вілейскай вобласці БССР.
Створана ў ліпені 1942 г. у Касплянскім раёне на базе атрадаў У. I. Цалішчэўскага і А. С. Ляшчова (арганізаваны ў чэрвені 1942, потым атрады 1‑ы і 2‑і), вылучаных з 3‑й партызанскай брыгады Смаленскай вобласці. Першапачаткова называлася 5‑й партызанскай брыгадай. У снежні 1942 г. арганізаваны атрад 3‑і (з сакавіка 1944 атрад 3‑і імя У. Ц. Курыленкі; падрыўнік 1‑й Смаленскай брыгады У. Ц. Курыленка загінуў у маі 1942, пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза), у лютым 1943 г. — атрад 4‑ы.
У сакавіку 1943 г. брыгада перадыслацыравана на тэрыторыю Віцебскай вобласці і перайменавана. Да канца 1943 г. былі арганізаваны атрады: у ліпені — 5‑ы, у верасні — 6‑ы, у кастрычніку — 7‑ы. У лістападзе з жыхароў Лёзненскага раёна арганізаваны 8‑ы атрад, у снежні ён быў расфарміраваны, асабовы склад перададзены 7‑му атраду.
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгуначных лініях Віцебск — Орша, Орша — Смаленск, Полацк — Маладзечна, шашэйных і грунтавых дарогах Віцебск — Сянно, Віцебск — Лепель, Чашнікі — Лукомль, Ула — Камень. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» падарвалі больш за 1,4 тыс. рэек. Разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Сялец Аршанскага, Чудня Багушэўскага (красавік 1943), Краснае і Красная Горка Ушацкага (студзень 1944) раёнаў. У ходзе Лепельскай аперацыі 1943 г. прыкрывалі ўдарную лепельскую групоўку партызан з усходняга боку. У час карнай аперацыі праціўніка на тэрыторыі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (гл. Полацка-Лепельская бітва 1944 г.) у красавіку — чэрвені 1944 г. утрымлівалі абарону на рубяжах вёсак Глыбачка — Цётча, Гарбаціца — Вясёлая Горка Ушацкага раёна і каля возера Шо ў Пліскім раёне. Каб выйсці з блакады, у маі 1944 г. удзельнічалі ў разгроме гарнізонаў у вёсках Баяры, Бондары і Піскунова Пліскага раёна. У чэрвені 1944 г. вялі бой у в. Стары Пагост, прарвалі варожую блакаду ў раёне вёсак Дзянісава — Канахі Мёрскага раёна.
У час Беларускай аперацыі 1944 г. партызаны брыгады ўзаемадзейнічалі з войскамі 3‑га Беларускага фронту. Сваімі сіламі вызвалілі раённы цэнтр Свір, наладзілі пераправу цераз р. Вілія, вылучылі праваднікоў, якія суправаджалі часці Чырвонай арміі да Вільнюса.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 5 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і імя У. Ц. Курыленкі, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, 7‑ы, у якіх налічвалася 637 партызан.
Камандзіры брыгады: Т. Г. Давыдкін, I. Р. Шлапакоў, I. К. Алесянкоў; камісары: Д. Ц. Гольнеў, А. М. Кулічкоў, Р. М. Цімашэнкаў; начальнікі штаба: А. Я. Шалыгін, І. К. Алесянкоў, П. П. Юр’еў, П. I. Вінаградаў, А. I. Бурцаў.
Брыгада ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Прарыў» у ліку 16 партызанскіх брыгад. У гонар брыгады ў в. Пятніцы Ушацкага pаёна Віцебскай вобласці ў 1976 г. была ўстаноўлена мемарыяльная дошка.