pdf

ПОЛАЦКА-ЛЕПЕЛЬСКАЯ БІТВА 1944 г.

Дата стварэння: 29.01.2024 12:03:29

Дата змены: 27.12.2024 11:41:09

По́лацка-Ле́пельская бі́тва 1944 г.

Абарона Полацка-Лепельскай партызанскай зоны 1944 г.

Баі партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай зоны ў Вялікую Айчынную вайну супраць карнай экспедыцыі нямецка-фашысцкіх войск у красавіку — маі 1944 г.

Увосень 1942 г. у выніку баявых дзеянняў партызанскіх брыгад ад нямецка-фашысцкіх акупантаў вызвалена значная тэрыторыя, утворана найбольшая на Беларусі Полацка-Лепельская партызанская зона, якую з восені 1943 г. абаранялі 16 партызанскіх брыгад. Са снежня 1943 г. кіраўніцтва і каардынацыю іх дзеянняў ажыццяўляла аператыўная група ЦК КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР). У штаб групы (размяшчаўся ў г. п. Ушачы) уваходзілі У. Е. Лабанок (кіраўнік), А. I. Бруханаў (да лютага 1944), А. Ф. Бардадын, I. I. Зіненка, Д. А. Фралоў. Аператыўная група мела сталую сувязь з 1‑м Прыбалтыйскім фронтам праз прадстаўніка БШПР сакратара ЦК КП(б)‌Б I. I. Рыжыкава і з партызанскімі злучэннямі суседніх зон. У канцы снежня 1943 г. фронт наблізіўся да паўночнай граніцы зоны. Вораг вырашыў адцясніць партызан ад дарогі Віцебск — Лепель — Параф’янава, якая звязвала 3‑ю нямецкую танкавую армію з тылам. У снежні 1943 г. — лютым 1944 г. гітлераўцы 5 разоў спрабавалі прарваць абарону, але партызаны адбілі атакі, разграмілі больш за 30 варожых гарнізонаў. Не дасягнуўшы поспеху, нямецка-фашысцкія захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень». Праціўнік сабраў каля 60 тыс. чалавек, у т. л. 12 палкоў СС і паліцыі, часці авіяпалявой, пяці пяхотных, ахоўнай і запасной дывізій, асобы батальён О. Дырлевангера, танкавы полк, брыгаду здрадніка Б. Камінскага (гл. Руская вызваленчая народная армія), якія мелі 137 танкаў, 235 гармат, каля 70 самалётаў, 2 бронепаязды, і згрупаваў сілы на 7 участках вакол зоны. Карнай аперацыяй кіравалі групенфюрар войск СС генеральны камісар акругі «Беларусь» К. фон Готберг і камандуючы 3‑й танкавай арміяй генерал-палкоўнік Г. Рэйнгарт. Партызаны ў зоне мелі 17,5 тыс. чалавек, 21 гармату, 143 мінамёты, 151 процітанкавае ружжо, 721 кулямёт, 1 544 аўтаматы, 9 344 вінтоўкі, збудавалі 287 км абарончых рубяжоў з сістэмай акопаў, дзотаў, мінных палёў, знішчылі на падыходах масты, завалілі, перакапалі і замініравалі аб’езды і дарогі, паставілі надаўбні.

Карнікі пачалі наступленне 11 красавіка. Мужна змагаліся партызаны брыгад імя Леніна, 16‑й Смаленскай, імя В. І. Чапаева. Асабліва цяжкія баі пачаліся з 18 красавіка. У бой за в. Казімірова 23 красавіка супраць брыгады «Аляксея» гітлераўцы кінулі каля 1 тыс. чалавек пяхоты, 4 танкі, 2 самалёты. Толькі пасля 6 гадзін бою, калі ворага падтрымалі 50 бамбардзіроўшчыкаў, партызаны пакінулі пазіцыі. Авіяцыя 1‑га Прыбалтыйскага фронту зрабіла 354 вылеты, бамбіла скопішчы нямецкіх войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1,5 тыс. параненых і хворых. Часці 1‑га Прыбалтыйскага фронту баямі мясцовага значэння адцягвалі войскі карнікаў. Гітлераўцы 27 красавіка звузілі кола акружэння да 20 км вакол Ушач. Камандаванне зоны пасля ўзгаднення з ЦК КП(б)‌Б, БШПР і камандаваннем 1‑га Прыбалтыйскага фронту 30 красавіка загадала партызанскім брыгадам ісці на прарыў. Смаленскі партызанскі полк, партызанскія брыгады імя ВЛКСМ, 16‑я Смаленская, 1‑я Антыфашысцкая, імя К. Я. Варашылава і іншыя 5 мая прарвалі варожае акружэнне ў напрамку вёсак Паперына — Двор Пліна і вывелі з блакады каля 15 тыс. мясцовых жыхароў. Партызаны гераічна змагаліся супраць карнікаў 25 дзён, знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вялікія страты: забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў, паранена 12,9 тыс., знішчана і падбіта 59 танкаў, 116 аўтамашын, 7 бронемашын, 22 гарматы, 2 самалёты.

У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі Героі Савецкага Саюза А. Ф. Данукалаў і П. М. Раманаў, камбрыгі Д. Ц. Караленка, У. У. Гіль-Радыёнаў, камісары брыгад М. Г. Жыжоў, I. Ф. Каранеўскі, У. С. Свірыд. Гераізм і адвагу паказалі камандзіры і камісары партызанскіх брыгад і атрадаў, у т. л. Д. В. Цябут, I. Ф. Садчыкаў, Д. А. Фралоў, I. М. Цімчук, I. А. Куксёнак, У. М. Талаквадзэ, М. А. Цябут, М. В. Уткін, С. А. Пацей, М. А. Сакмаркін, М. Я. Усаў, тысячы партызан.

Паблізу Ушач у гонар подзвігу партызан у 1974 г. створаны мемарыяльны комплекс «Прарыў». На мемарыяльным полі справа ад бронзавай фігуры партызана ляжаць бронзавыя пліты, на якіх увекавечаны ўстаноўленыя імёны партызан, што загінулі ў час блакады і прарыву фашысцкага акружэння.

У гонар кожнай з 16 партызанскіх брыгад — удзельніц красавіцка-майскіх баёў 1944 г. і легендарнага прарыву было высаджана 16 дубоў — сімвал велічы і памяці на ўсе вякі.