Сакратар ЦК КП(б)Б, намеснік начальніка БШПР І. П. Ганенка і начальнік БШПР П. З. Калінін у вёсцы Шэйна. 1942 г.
Начальнік аператыўнай групы БШПР А. І. Бруханаў, камандзір Магілёўскай (абласной) ВАГ С. Г. Сідарэнка-Салдаценка, сакратар ЦК КП(б)Б І. П. Ганенка, камандзір 61‑й брыгады Р. К. Паўлаў і інш. Напярэдадні парада партызан у Мінску. 16 ліпеня 1944 г.
Дата стварэння: 01.03.2023 15:00:18
Дата змены: 11.09.2024 15:58:57
Белару́скі штаб партыза́нскага ру́ху (БШПР)
Рэспубліканскі орган ваеннага кіраўніцтва партызанскім рухам у Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Створаны паводле пастановы Дзяржаўнага камітэта абароны ад 9 верасня 1942 г. Сфарміраваны ў паласе Калінінскага фронту, пачаў функцыянаваць 2 кастрычніка 1942 г. Спачатку размяшчаўся ў вёсках Шэйна і Цімохіна Таропецкага раёна Калінінскай вобласці РСФСР, з лістапада 1942 г. — у Маскве, у маі 1943 г. — студзені 1944 г. — на станцыі Сходня каля Масквы, з лютага 1944 г. — у в. Чонкі Гомельскага раёна, з ліпеня 1944 г. — у в. Лошыца каля Мінска. Расфарміраваны 14 лістапада 1944 г.
Начальнікі штаба: другі сакратар ЦК КП(б)Б П. З. Калінін (кастрычнік 1942 — кастрычнік 1944), палкоўнік А. А. Прохараў (кастрычнік — лістапад 1944); намеснікі начальніка штаба: сакратар ЦК КП(б)Б Р. Б. Эйдзінаў (кастрычнік 1942 — люты 1944), намеснік старшыні СНК БССР I. А. Крупеня (кастрычнік 1942 — чэрвень 1943), сакратар ЦК КП(б)Б I. I. Рыжыкаў (люты 1943 — лістапад 1944), генерал-маёр I. М. Арцём’еў (сакавік — кастрычнік 1944), загадчык аддзела ЦК КП(б)Б В. I. Закурдаеў (сакавік 1943 — май 1944), член ЦК КП(б)Б I. П. Ганенка (лістапад 1943 — верасень 1944), А. А. Прохараў (люты — кастрычнік 1944).
Штаб першапачаткова складаўся з камандавання, шасці аддзелаў і трох аддзяленняў (у якіх налічваліся 83 чалавекі), а таксама сістэмы асобных часцей і ўстаноў, якія ўваходзілі ў яго, у т. л. адміністрацыйна-гаспадарчага аддзела, перасоўнага радыёвузла, школы падрыхтоўкі партызанскіх кадраў і іншых падраздзяленняў (агульная колькасць 494 чалавекі, у т. л. пераменны склад партызанскай школы). Структура штаба мянялася па меры росту і ўскладнення функцый кіравання партызанскім рухам, сфарміравалася ў асноўным да сярэдзіны красавіка 1943 г., аднак і пазней няспынна развівалася: нарошчваліся структурныя элементы, тэхнічныя сродкі кіраўніцтва, удасканальвалася штабная служба. У 1944 г. штаб складаўся з камандавання, 10 аддзелаў (аператыўны, разведвальны, інфармацыйны, сувязі, кадраў, шыфравальны, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, фінансавы, сакрэтны, інжынерна-тэхнічны), санітарнай службы, адміністрацыйна-гаспадарчай часці, каменданцкага ўзвода (агульная колькасць 278 чалавек) і непасрэдна яму падпарадкаваных частак устаноў, у т. л. стацыянарнага і перасоўнага вузлоў сувязі, вучэбна-рэзервовага пункта (створаны замест скасаваных у верасні 1943 «Беларускай школы» падрыхтоўкі партызанскіх кадраў і пункта збору рэзерваў), экспедыцыйна-транспартнай базы, 119‑га асобнага авіяатрада з аэрадромнай камандай (агульная колькасць 471 чалавек).
БШПР у сваёй дзейнасці кіраваўся дырэктыўнымі дакументамі ЦК ВКП(б), Дзяржаўнага камітэта абароны і іншых вышэйшых органаў дзяржаўнага і ваеннага кіравання. Працаваў пад непасрэдным кіраўніцтвам Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) і ЦК КП(б)Б. Забяспечваў цэнтралізаванае кіраўніцтва атрадамі, брыгадамі і тэрытарыяльнымі партызанскімі злучэннямі Беларусі. Распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па развіцці партызанскай барацьбы, удасканальваў арганізацыйную структуру партызанскіх фарміраванняў; планаваў, арганізоўваў і кантраляваў баявыя дзеянні брыгад і атрадаў, вывучаў, абагульняў і распаўсюджваў іх баявы вопыт. БШПР вырашаў пытанні забеспячэння партызан узбраеннем, боепрыпасамі, сувяззю; размяшчаў заяўкі на іх прамысловую вытворчасць; арганізоўваў авіяперавозкі ваенных грузаў, асабовага складу ў тыл ворага і эвакуацыю параненых партызан у савецкі тыл; вёў падрыхтоўку і ўлік партызанскіх кадраў. Важнае месца ў рабоце штаба займала разведка тылу праціўніка, ён кіраваў зборам інфармацыі, апрацоўваў яе і рассылаў зацікаўленым штабам дзеючай арміі, дзяржаўным і партыйным органам. Акрамя асноўнага штаба (БШПР), Дзяржаўны камітэт абароны ствараў прамежкавыя (дапаможныя) органы кіравання — прадстаўніцтвы і аператыўныя групы БШПР пры ваенных саветах франтоў. Яны набліжалі кіраўніцтва БШПР да раёнаў баявых дзеянняў партызан, забяспечвалі ўпраўленне партызанскімі злучэннямі і атрадамі, якія базіраваліся ў паласе наступлення гэтых франтоў, узгаднялі баявыя задачы партызан з дзеяннямі рэгулярных часцей і злучэнняў Чырвонай арміі. У розны час БШПР меў на 1‑м Прыбалтыйскім (лістапад 1943 — лістапад 1944), Заходнім, Бранскім, Беларускім франтах свае прадстаўніцтвы; на Калінінскім (сакавік — кастрычнік 1943), 1‑м, 2‑м, 3‑м Беларускіх франтах і ў 61‑й арміі — аператыўныя групы (з перасоўнымі радыёвузламі).
Выключна важнае значэнне ў дзейнасці штаба па ўпраўленні партызанскімі сіламі «цераз галаву» праціўніка мелі тэхнічныя сродкі сувязі — радыё і авіяцыя. Спачатку БШПР меў адзін перасоўны радыёвузел, які знаходзіўся ў Таропецкім раёне (з верасня 1942 да студзеня 1944) у паласе 4‑й ударнай арміі. Яго 2 радыёстанцыі ўстанавілі сувязь з 4 партызанскімі брыгадамі Віцебскай вобласці. Восенню 1942 г. партызанскія атрады і брыгады на тэрыторыі Беларуci мелі 55 радыёстанцый. Амаль усе яны былі прывязаны да радыёвузлоў розных ведамстваў — ЦШПР, разведорганаў Чырвонай арміі, НКДБ СССР. У 1943 г. у тыле ворага было да 148 радыёстанцый. Большасць іх падтрымлівала сувязь са стацыянарным радыёвузлом ЦШПР у Маскве, астатнія — з перасоўнымі радыёвузламі БШПР у Таропецкім раёне і яго прадстаўніцтваў на франтах. Да вызвалення Беларусі ў 1944 г. у тыле ворага працавала 168 радыёстанцый (усяго партызанам было перакінута 236 радыёстанцый, 310 радыстаў). У распараджэнні БШПР былі 2 буйныя радыёвузлы: стацыянарны ў Маскве (былы радыёвузел ЦШПР) і перасоўны ў в. Чонкі Гомельскага раёна (пераведзены сюды з Таропецкага раёна); іх абслугоўвалі 204 радыёспецыялісты.
Сувязь з партызанамі ажыццяўлялася і з дапамогай авіяцыі. Першыя самалёты прызямліліся летам 1942 г. у месцах дыслакацыі партызан у Клічаўскім, Любанскім раёнах; з кастрычніка 1942 г. наладзілася авіясувязь з партызанамі Віцебскай вобласці (гл. Партызанскія аэрадромы). У 1943 г. палёты сталі больш рэгулярныя. На працягу 1943 г. ЦК КП(б)Б і БШПР пераправілі да партызан самалётамі 1 626 партыйных кіраўнікоў абласнога і раённага звяна, камандзіраў і камісараў брыгад, афіцэраў сувязі, інструктараў мінна-падрыўной справы. Зваротнымі рэйсамі з тылу ворага вывезены 4 204 чалавекі (сотні з іх прадставілі вусныя ці пісьмовыя даклады і іншыя інфармацыйныя матэрыялы) і 4 886 партызанскіх справаздач. За ўвесь перыяд у тыл праціўніка да партызан Беларусі здзейснена 5 945 самалётавылетаў, перакінута 2,4 тыс. т баявых грузаў і больш за 2,6 тыс. чалавек, у савецкі тыл вывезена каля 9 тыс. чалавек (гл. Дапамога савецкага тылу партызанам Беларусі).
У выніку развіцця авія- і радыёсувязі, асабістых кантактаў і дастаўкі пісьмовай дакументацыі БШПР меў у распараджэнні ўсебаковую інфармацыю, неабходную для кіраўнічай дзейнасці. Гэта дазваляла яму распрацоўваць і прымаць найбольш дакладныя арганізацыйныя і аператыўныя рашэнні. Напрыклад, у канцы лета 1942 г. — вясной 1943 г. партызанскі рух Беларусі апынуўся ў цяжкім становішчы. Акупанты за гэты час правялі 54 буйныя карныя аперацыі супраць брыгад і атрадаў Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гомельскай, Пінскай і Брэсцкай абласцей. Зімой і вясной вораг узмацніў карныя экспедыцыі, асабліва супраць партызан Віцебшчыны. Партызаны неслі вялікія страты ў асабовым складзе і ўзбраенні, не хапала боепрыпасаў. Многім партызанскім атрадам давялося пакінуць зімовыя лагеры; былі страчаны харчовыя базы. У баях праціўніку ўдалося скаваць і ў многіх месцах выцесніць партызан са сталых месцаў базіравання, ізаляваць іх ад важных аб’ектаў ворага. Каб змяніць аператыўную сітуацыю на карысць партызан, БШПР паслаў у Расонска-Асвейскую зону свайго прадстаўніка — старшага памочніка начальніка аператыўнага аддзела А. Ф. Бардадына — з задачай арганізаваць перагрупоўку брыгад, якія сканцэнтраваліся ў блакіраванай зоне. У той жа час БШПР правёў т. зв. планёрную аперацыю па забеспячэнні партызан зброяй і боепрыпасамі, медыцынскімі інструментамі, лекавымі сродкамі і інш. Адначасова з узмацненнем баявога стану брыгад і атрадаў БШПР патрабаваў ад іх не пазней за 20 красавіка заняць ранейшыя раёны базіравання і перанесці баявыя дзеянні на транспартныя камунікацыі праціўніка.
Пад кіраўніцтвам БШПР дзеянні партызан насілі планавы і мэтанакіраваны характар. БШПР удзельнічаў у распрацоўцы планаў ЦШПР, падрыхтоўцы і правядзенні аперацый «Рэйкавая вайна» і «Канцэрт», самастойна распрацаваў і кіраваў 3‑м этапам аперацыі «Рэйкавая вайна». Паводле даных аператыўнага аддзела БШПР, беларускія партызаны перабілі 259 тыс. рэек, ажыццявілі масавае разбурэнне чыгуначных ліній. На працягу 1943 г. партызаны падарвалі 6 116 цягнікоў, у т. л. на важнейшых магістралях і ракадах: Орша — Мінск — Брэст (1 156), Унеча — Гомель — Лунінец — Брэст (990), Невель — Віцебск — Орша — Магілёў — Жлобін — Гомель — Чарнігаў (817). У перыяд Курскай бітвы ў ліпені — жніўні 1943 г. падарвана 1 336 цягнікоў.
Вясной і летам 1943 г. па заданні ЦК КП(б)Б штаб забяспечыў перакідку ў тыл ворага арганізатарскіх партыйных груп, якія ў прызначаных раёнах разгарнуліся ў падпольныя абласныя, міжраённыя (камітэты ці цэнтры), раённыя камітэты КП(б)Б. У тыле ворага была створана шырокая сетка падпольных партыйных органаў.
Агульнымі намаганнямі падпольных партыйных органаў і партызанскіх штабоў у Беларусі быў завершаны працэс цэнтралізацыі партызанскага руху. На час стварэння БШПР у тыле ворага дзейнічалі 324 партызанскія атрады, з іх 168 уваходзілі ў склад 32 брыгад. Вясной 1944 г. дзейнічала 26 тэрытарыяльных злучэнняў, 702 атрады, аб’яднаныя ў 148 брыгад, і 88 асобных атрадаў. Дзейнасць партыйных органаў і партызанскіх штабоў, поспехі партызан, рост кадраў, наяўнасць вялікіх партызанскіх зон абумовілі звядзенне амаль усіх брыгад і атрадаў у злучэнні паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнага прынцыпу. Было створана 8 абласных партызанскіх злучэнняў: Гомельскай, Палескай, Пінскай, Магілёўскай, Баранавіцкай, Брэсцкай, Вілейскай, Беластоцкай абласцей. Там, дзе стварэнне адзінага для ўсёй вобласці злучэння было немэтазгодна, арганізоўвалі 2 (у Баранавіцкай вобласці) ці 3 (у Мінскай вобласці). У Віцебскай вобласці сталыя злучэнні не былі створаны. Агульнае кіраўніцтва брыгадамі ажыццяўляў Віцебскі падпольны абкам КП(б)Б, ваеннае кіраўніцтва — непасрэдна БШПР і яго аператыўная група пры Ваенным савеце Калінінскага фронту, з лістапада 1943 г. гэтыя функцыі перайшлі да прадстаўніцтва ЦШПР і БШПР на 1‑м Прыбалтыйскім фронце (са студзеня 1944 прадстаўніцтва БШПР на 1‑м Прыбалтыйскім фронце). У склад некаторых абласных злучэнняў уваходзілі міжраённыя тэрытарыяльныя злучэнні.
Напрыклад, у партызанскае злучэнне Магілёўскай вобласці — Магілёўскую ваенна-аператыўную групу (ВАГ) — уваходзіла 9 раённых ВАГ (Асіповіцкая, Бялыніцкая, Бярэзінская, Быхаўская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Шклоўская), а таксама асобныя групоўкі брыгад і атрадаў паўночна-ўсходняй і паўднёва-ўсходняй зон; Баранавіцкае злучэнне аб’ядноўвала 4 міжраённыя тэрытарыяльныя злучэнні — Івянецкай, Лідскай, Шчучынскай, Стаўбцоўскай зон, акрамя таго дзейнічала самастойна Баранавіцкае партызанскае злучэнне Паўднёвай зоны. На перыяд правядзення буйных аперацый той ці іншай групоўкі брыгад ствараліся часовыя злучэнні або каардынацыйныя цэнтры. На працягу 1943 г. ЦК КП(б)Б, БШПР, падпольныя партыйныя і партызанскія органы правялі вялікую работу па раянаванні і перагрупоўцы партызанскіх сіл. Для ўсіх брыгад і атрадаў былі вызначаны месцы дыслакацыі і раёны баявых дзеянняў, удакладнена іх падпарадкаванасць. Гэтыя меры дазволілі больш эфектыўна выкарыстоўваць партызанскія сілы на ўсёй глыбіні іх аператыўнага парадку, стварылі лепшыя ўмовы манеўру і матэрыяльнага забеспячэння.
За ўвесь перыяд сваёй дзейнасці БШПР аб’ядноўваў 33 тэрытарыяльныя злучэнні. Усе яны былі рознымі па сваёй структуры, колькасці брыгад і атрадаў, якія ў іх уваходзілі, аб’ёме функцый і ўзроўні аператыўнага кіраўніцтва іх штабоў баявымі дзеяннямі брыгад і атрадаў.
У в. Чонкі Гомельскага pаёна ў гонар Беларускага штаба партызанскага руху пастаўлены помнік.