КАЛІНІНСКІ ФРОНТ, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі на заходнім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

КАЛІНІНСКІ ФРОНТ

Дата стварэння: 02.03.2023 11:01:23

Дата змены: 11.09.2024 14:48:27

Калі́нінскі фронт

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі на заходнім напрамку ў Вялікую Айчынную вайну ў 1941–1943 гг.

Створаны 17 кастрычніка 1941 г. на падставе дырэктывы Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання з часткі сіл правага крыла Заходняга фронту (22‑й, 29‑й, 30‑й і 31‑й армій) для прыкрыцця Масквы з паўночнага захаду. Дзейнічаў супраць сіл нямецкай групы армій «Цэнтр». Пасля ў склад фронту ў розны час уваходзілі 20‑я, 39‑я, 41‑я, 43‑я, 58‑я, а таксама 3‑я і 4‑я ўдарныя і 3‑я паветраная арміі.

Войскі фронту вялі абарончыя баі пад Масквой (кастрычнік — снежань 1941), правялі Калінінскую аперацыю (снежань 1941 — студзень 1942), вызвалілі г. Калінін і прайшлі з баямі 60–120 км.

У час Таропецка-Холмскай наступальнай аперацыі (9.1 — 6.2.1942) 4‑я ўдарная армія (генерал-палкоўнік А. I. Яроменка) наступала на Таропец — Веліж, 21 студзеня 1942 г. вызваліла г. Таропец і вяла далейшае наступленне на віцебскім напрамку ў глыбокім тыле групы армій «Цэнтр». Нямецка-фашысцкае камандаванне перакінула сюды з Заходняй Еўропы 4 пяхотныя дывізіі і ў пачатку лютага 1942 г. спыніла наступленне савецкіх войск на г. Віцебск. У выніку баёў у раёне Сураж — Веліж утварыліся т. зв. Віцебскія «вароты», 40‑кіламетровы разрыў у лініі фронту.

У далейшым войскі фронту ўдзельнічалі ў Ржэўска-Вяземскай (сакавік — красавік 1943) і Смаленскай (жнівень — кастрычнік 1943) аперацыях.

У выніку Невельскай аперацыі 1943 г. войскі Калінінскага фронту выйшлі на ўсходнія граніцы БССР. У пачатку кастрычніка 1943 г. 39‑я і 43‑я арміі выйшлі на тэрыторыю Беларусі і пачалі баі за яе вызваленне. У ходзе наступлення на віцебскім напрамку 8 кастрычніка 1943 г. войскі 84‑га стралковага корпуса 39‑й арміі і рухомай механізаванай групы фронту адбілі г. п. Лёзна. Гэта быў першы раённы цэнтр Віцебскай вобласці, вызвалены ад фашысцкіх акупантаў.

Калінінскі фронт перайменаваны ў Прыбалтыйскі фронт 1‑ы 20 кастрычніка 1943 г. 

Камандуючыя: генерал-палкоўнік I. С. Конеў (17.10.1941 — 26.8.1942); генерал-лейтэнант, з 18 лістапада 1942 г. генерал-палкоўнік М. А. Пуркаеў (26.8.1942 — 25.4.1943); генерал-палкоўнік, з 27 жніўня 1943 г. генерал арміі А. I. Яроменка (25.4 — 20.10.1943).

Член Ваеннага савета — карпусны камісар, з 6 снежня 1942 г. генерал-лейтэнант Д. С. Лявонаў (19.10.1941 — 20.10.1943).

Начальнікі штаба: генерал-маёр I. I. Іваноў (19.10 — 10.11.1941); генерал-маёр Я. П. Жураўлёў (11–20.11.1941); палкоўнік А. А. Кацнельсон (26.11 — 31.12.1941); генерал-маёр, з 30 мая 1942 г. генерал-лейтэнант М. В. Захараў (1.1.1942 — 9.4.1943), генерал-лейтэнант У. В. Курасаў (9.4 — 20.10.1943).