ПРЫБАЛТЫЙСКІ ФРОНТ 1-ы, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі на Паўночна-Заходнім і Заходнім напрамках
pdf

ПРЫБАЛТЫЙСКІ ФРОНТ 1-ы

Дата стварэння: 01.03.2023 15:58:32

Дата змены: 27.02.2025 16:12:34

Прыбалты́йскі фронт 1‑ы

Aператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі ў Вялікую Айчынную вайну на паўночна-заходнім і заходнім напрамках у 1943–1945 гг. Утвораны 20 кастрычніка 1943 г. у выніку перайменавання Калінінскага фронту.

У склад фронту ўвайшлі арміі: 4‑я ўдарная (генерал-лейтэнант П. Ф. Малышаў), 39‑я (генерал-лейтэнант I. I. Люднікаў), 43‑я (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 3‑я паветраная (генерал-лейтэнант, з 19.8.1944 генерал-палкоўнік авіяцыі М. П. Папівін). Потым у складзе фронту ў розныя часы дзейнічалі 2‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант П. Г. Чанчыбадзэ), 6‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант, з 28.6.1944 генерал-палкоўнік I. М. Чысцякоў), 11‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант К. М. Галіцкі), 51‑я (генерал-лейтэнант Я. Р. Крэйзер), 61‑я (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў), 5‑я гвардзейская танкавая (генерал-лейтэнант танкавых войск В. Ц. Вольскі).

З 1 да 21 лістапада 1943 г. войскі фронту вялі наступленне на віцебска-полацкім напрамку, у выніку якога пры садзейнічанні 2‑га Прыбалтыйскага фронту ўклініліся ў размяшчэнне ворага сваім правым крылом на 45–55 км і глыбока ахапілі з паўночнага захаду гарадоцкую і віцебскую групоўкі нямецка-фашысцкіх войск. З 13 па 31 снежня 1943 г. войскі фронту правялі Гарадоцкую аперацыю 1943 г., у выніку якой ліквідавалі гарадоцкі выступ праціўніка і занялі больш зручнае становішча ў адносінах да г. Віцебск. У лютым — сакавіку 1944 г. войскі фронту ва ўзаемадзеянні з войскамі Заходняга фронту пачалі наступленне пад Віцебскам, прарвалі абарону праціўніка і палепшылі свае пазіцыі на віцебскім напрамку. Летам 1944 г. войскі фронту разам з войскамі 1‑га, 2‑га і 3‑га Беларускіх франтоў правялі Беларускую аперацыю 1944 г.: ва ўзаемадзеянні з 3‑м Беларускім фронтам ажыццявілі Віцебска-Аршанскую аперацыю 1944 г., 29 чэрвеня — 4 ліпеня правялі Полацкую аперацыю 1944 г. і Шаўляйскую аперацыю; 31 ліпеня 1944 г. выйшлі да Рыжскага заліва і да 16 жніўня 1944 г. утрымлівалі адзін з участкаў яго ўзбярэжжа. З 14 верасня 1944 г. з войскамі 2‑га і 3‑га Прыбалтыйскіх і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балтыйскага флоту Прыбалтыйскі фронт 1‑ы ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі і з войскамі 2‑га і 3‑га Прыбалтыйскіх франтоў ажыццявіў Рыжскую аперацыю, з войскамі 3‑га Беларускага фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыю, у выніку якой войскі Прыбалтыйскага фронту 1‑га выйшлі да ўзбярэжжа Балтыйскага мора на поўдні ад Ліепаі і адрэзалі групу нямецкіх армій «Поўнач» ад Усходняй Прусіі. Са студзеня 1945 г. войскі фронту ўдзельнічалі ва Усходне-Прускай аперацыі. Прыбалтыйскі фронт 1‑ы скасаваны 24 лютага 1945 г., яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы I. X. Баграмян) уключаны ў склад 3‑га Беларускага фронту.

Камандуючыя: генерал арміі А. I. Яроменка (кастрычнік — лістапад 1943), генерал арміі I. X. Баграмян (лістапад 1943 — люты 1945).

Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант Д. С. Лявонаў (кастрычнік 1943 — лістапад 1944), генерал-лейтэнант М. В. Рудакоў (лістапад 1944 — люты 1945).

Начальнік штаба — генерал-лейтэнант, з 28 чэрвеня 1944 г. генерал-палкоўнік У. В. Курасаў (кастрычнік 1943 — люты 1945).