Дата стварэння: 02.03.2023 10:03:44
Дата змены: 11.09.2024 14:48:27
«Белару́ская шко́ла»
Беларуская школа падрыхтоўкі партызанскіх кадраў Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Створана 28 лістапада 1942 г. пры ЦК КП(б)Б на базе Асобага Беларускага збору. Напярэдадні (26 лістапада) Дзяржаўны Камітэт Абароны зацвердзіў яе штат: 48 ваеннаслужачых і 33 вольнанаёмныя. Размяшчалася на станцыі Сходня Хімкінскага pаёна Маскоўскай вобласці. Камплектавалася пераважна камуністамі і камсамольцамі. Начальнік — сакратар ЦК КП(б)Б М. I. Прохараў. Вяла падрыхтоўку партыйных і камсамольскіх работнікаў — арганізатараў партызанскіх атрадаў, інструктараў мінна-падрыўной справы, падрыўнікоў, разведчыкаў, рэдактараў, паліграфістаў, наборшчыкаў. Тэрмін навучання — 20 дзён, з канца 1942 г. — 2 месяцы. У школе адначасова навучаліся 200, з чэрвеня 1943 г. — каля 170 курсантаў. Тэарэтычны курс быў цесна звязаны з практычным навучаннем, набліжаным да баявой абстаноўкі.
Са снежня 1942 г. да 10 мая 1943 г. пры аператыўнай групе БШПР на Калінінскім фронце падрыхтоўкай партызанскіх кадраў займаўся прыфрантавы філіял «Беларускай школы» (начальнік Ф. П. Ільюшэнкаў, потым капітан Федзюшэнкаў). Тут вялося навучанне партызан, якія выйшлі з розных прычын у савецкі тыл. Рыхтавалі пераважна спецыялістаў дыверсійна-падрыўной справы, у т. л. інструктараў. Пасля праходжання падрыхтоўкі атрады, групы і асобныя партызаны накіроўваліся ў тыл праціўніка.
З 15 снежня 1942 г. да 15 верасня 1943 г. у «Беларускай школе» прайшлі навучанне 529 чалавек. За гэты час у тыл ворага накіравана 112 партыйных работнікаў і арганізатараў партызанскіх атрадаў, 50 камсамольскіх работнікаў, 12 рэдактараў, 40 паліграфістаў-наборшчыкаў, 90 разведчыкаў, 24 інструктары мінна-падрыўной справы, 129 падрыўнікоў. Сфарміраваны і адпраўлены ў тыл ворага 2 партызанскія атрады (97 чалавек) і 6 груп (69 чалавек). Больш як 280 чалавек, у т. л. 240 адказных работнікаў, накіраваны ў адзіночным парадку. Усяго ў «Беларускай школе» для арганізацыі партызанскага руху ў Беларусі падрыхтавана 636, у філіяле — 310 чалавек.
«Беларуская школа» 18 верасня 1943 г. ператворана ў вучэбна-рэзервовы пункт пры БШПР. У першым наборы налічвалася 110 курсантаў, у другім — 80. У перыяд з 18 верасня 1943 г. да 1 студзеня 1944 г. у вучэбна-рэзервовым пункце прайшлі навучанне 188 чалавек, у т. л. 30 інструктараў мінна-падрыўной справы, 22 падрыўнікі, 32 разведчыкі, 23 хімінструктары, 12 паліграфістаў-наборшчыкаў і 11 вадалазаў; перападрыхтоўку — 58 радыстаў.
Кадры, падрыхтаваныя ў «Беларускай школе» і яе філіяле, зрабілі вялікі ўклад у павышэнне эфектыўнасці баявых дзеянняў партызанскіх сіл у тыле ворага.