ДРУК ПАДПОЛЬНЫ, беларускі савецкі ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

ДРУК ПАДПОЛЬНЫ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:19:28

Дата змены: 11.09.2024 15:58:58

Друк падпо́льны

Выданні, якія выпускаліся ЦК КП(б)‌Б, падпольнымі абласнымі, міжраённымі, раённымі партыйнымі і камсамольскімі камітэтамі, паліторганамі партызанскіх фарміраванняў на часова акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і распаўсюджваліся сярод насельніцтва.

Цэнтральныя газеты «Правда», «Известия», «Комсомольская правда», «Красная звезда» і іншыя арганічна дапаўнялі беларускія выданні, якія выдаваліся на савецкай тэрыторыі — газеты «Совецкая Беларусь», «За Совецкую Беларусь», «За свабодную Беларусь», сатырычныя «Раздавім фашысцкую гадзіну», лісток «Партызанская дубінка», «Блокнот агитатора-партизана», альманах «Беларусь», якія засылаліся ў тыл ворага.

Першымі падпольнымі выданнямі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі былі лістоўкі і звароты да насельніцтва, машынапісныя газеты і бюлетэні.

У Мінску падпольная група А. А. Маркевіча з канца 1941 г. друкавала на шапірографе лістоўкі, у студзені — жніўні 1942 г. выпусціла 8 нумароў малафарматнай газеты «Патриот Родины». Першым нелегальным друкаваным партыйным выданнем быў «Вестник Родины» — перыядычны лісток Мінскага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

У маі — верасні 1942 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б выдаў 4 нумары «Звязды» агульным тыражом больш за 10 тыс. экзэмпляраў пад кіраўніцтвам У. С. Амельянюка і В. К. Нікіфарава. У падрыхтоўцы і выпуску газеты ўдзельнічалі М. П. Воранаў, У. С. Казачонак, Н. А. Карпусенка, Я. М. Савіцкая, В. I. Сайчык, М. I. Свірыдаў і іншыя падпольшчыкі.

У паходнай друкарні ў прыфрантавой паласе друкавалася і перапраўлялася на тэрыторыю Віцебскай вобласці газета «Віцебскі рабочы».

У 1942 г. друкарскім спосабам быў арганізаваны выпуск шасці раённых і адной міжраённай газет — органаў Клічаўскага, Рудзенскага, Бярэзінскага, Бабруйскага, Віцебскага, Чэрвеньскага падпольных райкамаў КП(б)‌Б і Барысаўскага падпольнага міжрайпартцэнтра. На пішучых машынках і гектографе множылася газета «За Родину», якую выдаваў Камітэт садзейнічання Чырвонай арміі.

У студзені 1943 г. адноўлены выпуск газеты «Звязда» як орган Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б і Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, пачала выдавацца «Чырвоная змена» — орган Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ і Мінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. Абедзве газеты рэдагаваў М. П. Барашкаў. У выпуску газеты «Звязда» ўдзельнічалі журналісты Г. М. Шчарбатаў, П. Ц. Касцюкавец, А. Д. Сакевіч і інш.

З мэтай узмацнення прапаганды праз друк ЦК КП(б)‌Б 15 снежня 1942 г. прыняў рашэнне стварыць 10 абласных і 50 раённых падпольных друкарняў у снежні 1942 г. — студзені 1943 г. (гл. Друкарні падпольныя). Былі падабраны на месцы або перапраўлены з савецкага тылу журналісты, наборшчыкі і друкары. Наладжвалася масавае выданне газет. Сталі выходзіць «Сялянская газета» — орган Вілейскага, «Большэвік Палесся» — Палескага, «За Радзіму» — Магілёўскага, «Чырвоная звязда» — Баранавіцкага, «Гомельская праўда» — Гомельскага, «Заря» — Брэсцкага, «Палеская праўда» — Пінскага, «Белостокская правда» — Беластоцкага падпольных абкамаў КП(б)‌Б.

У 1943–1944 гг. выдаваліся 3 абласныя камсамольска-маладзёжныя газеты: «Молодой мститель» Баранавіцкага, «Молодой партизан» Беластоцкага і «Молодёжная правда» Вілейскага падпольных абкамаў ЛКСМБ. Выйшла некалькі нумароў газеты «Сталинская молодёжь» — органа ЦК ЛКСМБ.

Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б і паліторганы партызанскіх фарміраванняў выдавалі больш за 120 шматтыражак. Свае шматтыражкі выпускалі друкарскім спосабам партызанскія брыгады «Разгром», «Дзядзькі Колі», «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, 16‑я Смаленская і інш. Антыфашысцкія камітэты выдавалі 5 газет. У 1942–1943 гг. быў наладжаны выпуск 134 газет.

Усяго за перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі выдавалася больш за 160 газет. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы матэрыялаў і выпуску падпольных газет адыгралі іх рэдактары: Р. А. Старавойценка, Г. В. Будай, Р. I. Гужавін (Баранавіцкая вобласць); С. К. Майхровіч, Я. I. Качан, I. В. Зазека (Беластоцкая вобласць), В. Ф. Калібераў (Брэсцкая вобласць), А. Ц. Васілеўскі, М. П. Петухоў (Вілейская вобласць), А. С. Крушынскі, М. I. Гайсёнак, Ф. Т. Шэдаў (Віцебская вобласць), М. I. Пахомаў, А. I. Казіміраў (Гомельская вобласць), А. Д. Сакевіч, I. I. Муравіцкі, М. Е. Дастанка (Мінская вобласць), А. А. Юшкевіч, А. В. Яблонскі, С. З. Крамнёў (Магілёўская вобласць), М. А. Эрдман, П. П. Заяц (Пінская вобласць), А.-Г. Л. Каплан, А. У. Броўка (Палеская вобласць) і інш.

Актыўны ўдзел у напісанні артыкулаў прымалі работнікі падпольных партыйных камітэтаў, камісары і палітрукі партызанскіх фарміраванняў, многія байцы-партызаны.

У газетах таксама публікаваліся мастацкія творы беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, А. Куляшова, К. Крапівы, А. Бялевіча і інш. У друкарні падпольнай газеты «Народны мсцівец» Слуцкага падпольнага райкама КП(б)‌Б выдадзены зборнік вершаў А. Астрэйкі «Слуцкі пояс» (1943).

З-за цяжкасцей выпуску, недахопу паперы тыраж падпольных газет вагаўся ад некалькіх сотняў да тысячы і болей экзэмпляраў, розным быў іх фармат.

Акрамя перыядычных выданняў, у тыле ворага шырока распаўсюджваліся асобна надрукаваныя звароты ЦК КП(б)‌Б і ўрада рэспублікі, падпольных абкамаў і райкамаў партыі, паліторганаў Чырвонай арміі да насельніцтва акупіраваных раёнаў, загады Вярхоўнага галоўнакамандуючага, зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі. У партызанскіх фарміраваннях таксама выпускаліся рукапісныя часопісы, насценныя газеты, баявыя лісткі.

Друк быў важнай крыніцай звестак пра становішча на франтах, жыццё Савецкай краіны, незаменным матэрыялам для партызанскіх камісараў, палітрукоў, лектараў і агітатараў падпольных, партыйных і камсамольскіх камітэтаў для правядзення палітычнай работы сярод партызан і насельніцтва; паказваў Вялікую Айчынную вайну як справядлівую і вызваленчую, выкрываў захопніцкі, грабежніцкі характар фашысцкага нашэсця, умацоўваў веру ў перамогу; заклікаў да зрыву ўсіх мерапрыемстваў акупантаў, да стварэння нясцерпных умоў для гітлераўскіх захопнікаў і іх памагатых, мабілізоўваў партызан і насельніцтва на ўзмацненне ўсенароднай барацьбы з ворагам.