Дата стварэння: 05.05.2023 12:13:29
Дата змены: 11.09.2024 14:23:04
«Чырво́ная зме́на»
Камсамольска-маладзёжная газета, заснавана ў 1921 г. З чэрвеня 1939 г. выходзіла як орган Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ і Мінскага абкама ЛКСМБ. Выходзіла да 11 жніўня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Цэнтральнага камітэта ЛКСМБ і Мінскага падпольнага абкама ЛКСМБ. Выходзіла ў друкарні Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б у Акцябрска-Любанскай партызанскай зоне на востраве Зыслаў (Любанскі раён Мінскай вобласці). Штотыднёвая. Вядома 38 нумароў за перыяд з 31 студзеня 1943 г. да 9 студзеня 1944 г. на беларускай мове. Рэдактар М. П. Барашкаў.
У перыяд з 6 да 22 сакавіка 1944 г. выдавалася легальна ў вызваленым Чырвонай арміяй г. Гомель. Пасля вызвалення Беларусі друкавалася ў Мінску як орган ЦК ЛКСМБ.
З 2002 г. з’яўляецца штотыднёвым дадаткам да газеты «Звязда», выходзіць пад назвай «Чырвонка. Чырвоная змена». Заснавальнікі — рэдакцыя газеты «Звязда» і грамадскае аб’яднанне «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».