Дата стварэння: 02.11.2023 16:34:42
Дата змены: 11.09.2024 15:24:18
«Наро́дны мсці́вец»
Газета, заснавана ў сакавіку 1919 г. пад назвай «Молот и плуг». Назва выдання неаднаразова змянялася: «Плуг и молот» (ліпень 1919 — студзень 1922), «Вясковы будаўнік» (снежань 1924 — люты 1926), «Ленінскі шлях» (красавік 1930 — снежань 1935), «Праўда на рубяжы» (па снежань 1937). З 1938 г. — «За Сацыялістычную Радзіму», орган Слуцкага райкама КП(б)Б, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці. Выходзіла да 18 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Слуцкага падпольнага райкама КП(б)Б. Выдавалася ў партызанскай брыгадзе 64‑й імя В. П. Чкалава. Друкавалася на востраве Зыслаў у Загальскіх балотах (Любанскі раён Мінскай вобласці), у в. Новыя Цярушкі (Старобінскі раён Мінскай вобласці; цяпер Салігорскі раён) і іншых месцах, у залежнасці ад абставін. Вядома 57 нумароў за перыяд з 1 красавіка 1943 г. да 25 чэрвеня 1944 г. на беларускай мове. Рэдактар М. Е. Дастанка.
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад назвай «За Сацыялістычную Радзіму». З 1 мая 1962 г. мела назву «Шлях Ільіча». З кастрычніка 1975 г. друкавалася як орган Слуцкага гаркама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).
З 1992 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Слуцкі край» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Слуцкі раённы выканаўчы камітэт і Слуцкі раённы Савет дэпутатаў.