ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 64‑я ІМЯ В. П. ЧКАЛАВА, Мінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 64‑я ІМЯ В. П. ЧКАЛАВА

Дата стварэння: 04.03.2024 16:25:27

Дата змены: 11.09.2024 15:01:49

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   64‑я ІМЯ В. П. ЧКАЛАВА, Мінскай вобласці

Брыгадная майстэрня па вырабе гранат і пераробцы патронаў. 1943 г.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА   64‑я ІМЯ В. П. ЧКАЛАВА, Мінскай вобласці

Помнік у гонар партызанскай брыгады 64‑й імя В. П. Чкалава ў вёсцы Пярэспа Любанскага раёна Мінскай вобласці.

Партыза́нская брыга́да 64‑я імя́ В. П. Чка́лава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Любанскага, Слуцкага, Старадарожскага і Старобінскага раёнаў Мінскай вобласці.

Створана ў студзені 1943 г. загадам па партызанскім злучэнні Мінскай і Палескай абласцей на базе атрадаў М. М. Розава (арганізаваны ў верасні 1941, з 14.8.1943 імя М. М. Громава), А. Я. Абабкава (арганізаваны ў ліпені 1942, з 24.8.1943 атрад «Жалязняк»), А. I. Патрына (арганізаваны ў жніўні 1941, з 14.8.1943 імя Л. М. Даватара). Пазней былі арганізаваны атрады: у маі 1943 г. — імя Р. І. Катоўскага, у жніўні 1943 г. — імя С. Г. Лазо і імя 14 слуцкіх партызан.

Партызаны ў жніўні 1943 г. разбурылі каля 2,3 тыс. рэек. У лістападзе — снежні 1943 г. падарвалі 9 эшалонаў, 78 аўтамашын, 9 мастоў, збілі адзін самалёт, удзельнічалі ў разгроме фашысцкага гарнізона ў в. Макарычы Старадарожскага раёна, разбілі варожы гарнізон у в. Белічы Слуцкага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 30 чэрвеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Л. М. Даватара, імя М. М. Громава, «Жалязняк», імя Р. І. Катоўскага, імя С. Г. Лазо, імя 14 слуцкіх партызан, у якіх налічвалася 1 115 партызан.

Камандзіры брыгады: М. М. Розаў, П. I. Смірноў (выконваў абавязкі); камісары: А. В. Львоў, I. С. Канановіч; начальнік штаба У. А. Варотнікаў.

У гонар брыгады ў в. Пярэспа Любанскага раёна Мінскай вобласці ў 1965 г. пастаўлены помнік.