pdf

«СОВЕЦКАЯ БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 02.11.2023 16:46:48

Дата змены: 11.09.2024 15:20:46

«Сове́цкая Белару́сь» («Савецкая Беларусь»)

Газета, заснавана ў жніўні 1927 г. у Мінску пад назвай «Рабочы» як орган ЦК КП(б)‌Б. З верасня 1937 г. мае назву «Советская Белоруссия». У перыяд з 28 красавіка 1938 г. да 7 красавіка 1943 г. з’яўлялася органам ЦК КП(б)‌Б і Мінскага абкама КП(б)‌Б, затым — ЦК КП(б)‌Б, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Савета Народных Камісараў БССР (па студзень 1948).

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны рэдакцыя газеты пакінула сталіцу і ўзнавіла працу на базе раённых і абласных друкарняў, да 13 жніўня 1941 г. друкавалася ў г. Гомель.

Згодна з пастановай ЦК КП(б)‌Б за 21 верасня 1941 г., выданне газеты аднавілася ў эвакуацыі пад назвай «Совецкая Беларусь». Яна выходзіла з кастрычніка 1941 г. да ліпеня 1944 г. спачатку на беларускай мове, затым на беларускай і рускай мовах (з 10.4.1943). Першы нумар газеты быў надрукаваны 9 кастрычніка 1941 г. у г. Арол (Расія). Наступныя нумары выпускаліся ў гарадах Казань (Расія) і Масква (з 1942, у друкарні газеты «Известия»), у тагачасным прадмесці Гомеля — Навабеліцы (№ 8–10 за 19–26.1.1944) і Гомелі (№ 11–136 за 29.1 — 23.6.1944). Газета выдавала агітплакат «Раздавім фашысцкую гадзіну» за перыяд з кастрычніка 1941 г. да сакавіка 1942 г.

Рэдактары: М. К. Асташоў, Ц. С. Гарбуноў (з красавіка 1942). У склад рэдакцыйнай калегіі ўваходзілі сакратар ЦК КП(б)‌Б У. Н. Малін, намеснік старшыні СНК БССР І. А. Крупеня, намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КП(б)‌Б І. С. Краўчанка.

Выданне было разлічана на насельніцтва акупіраванай тэрыторыі Беларусі, куды пры дапамозе ваенных органаў накіроўваўся тыраж. Газета заклікала да барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, паведамляла пра гераізм чырвонаармейцаў на франтах і разгортванне партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі, змяшчала зводкі баявых дзеянняў, інфармацыю пра замежжа.

Пасля вызвалення выдавалася ў Мінску пад даваеннай назвай — «Советская Белоруссия». З кастрычніка 1952 г. друкавалася як орган ЦК КП(б)‌Б, Вярхоўнага Савета і Савета Міністраў БССР.

Грамадска-палітычная газета, выходзіць пад назвай «СБ. Беларусь сегодня» на рускай мове 5 разоў на тыдзень. Заснавальнікі — Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Рэдакцыйны савет.

З 2013 г. разам з такімі буйнымі выданнямі, як «Народная газета», «Рэспубліка», «Сельская газета» і «Знамя юности», уваходзіць у склад друкаванага грамадска-палітычнага холдынга, які з верасня 2018 г. мае назву «Выдавецкі дом “Беларусь сегодня”».