Дата стварэння: 02.11.2023 16:46:15
Дата змены: 11.09.2024 15:48:26
«Разда́вім фашы́сцкую га́дзіну»
Сатырычнае выданне Цэнтральнага камітэта КП(б)Б у час Вялікай Айчыннай вайны.
Выдавалася з ліпеня 1941 г. па красавік 1945 г. Да сакавіка 1942 г. выходзіла як агітплакат, выданне газеты «Звязда» (№ 1–25 за ліпень — верасень 1941, на рускай мове) і газеты «Совецкая Беларусь» (№ 26–37 за кастрычнік 1941 — сакавік 1942, на беларускай мове). Пазней выдавалася як газета-плакат і сатырычны часопіс ЦК КП(б)Б. У час вайны былі надрукаваны 142 нумары.
Агітплакат і газета-плакат друкаваліся ў г. Гомель (з 5.7.1941 на фабрыцы «Палесдрук»), потым у прыфрантавой паласе, Маскве, Навабеліцы (тагачаснае прадмесце Гомеля, цяпер раён у межах горада) і Мінску. Першапачаткова выданне выходзіла без вызначанай перыядычнасці. Так, у 1941 г. у ліпені выйшла 13 нумароў, у жніўні — 6, у кастрычніку — толькі адзін нумар. Пазней нумары газеты выпускаліся рэгулярна — 4 разы ў месяц на рускай, а з сакавіка 1942 г. на беларускай мовах. Адказныя рэдактары: М. М. Чавускі (1941–1942), К. Крапіва (1943–1945).
Назва выдання зацвердзілася, дзякуючы дзевяцікласніку Віталю Букатаму, які ў пачатку вайны на ўваходзе ў гомельскі парк намаляваў карціну «Тры савецкія асілкі» (на думку мастака, асілкі — гэта воін, рабочы і селянін, якія «раздавяць фашысцкую гадзіну»). На карціну звярнулі ўвагу літсупрацоўнікі рэдакцыі сатырычнага плаката. В. А. Букаты супрацоўнічаў з рэдакцыяй да чэрвеня 1942 г., потым скончыў курс падрыўной справы са званнем інструктара-падрыўніка, удзельнічаў у партызанскім руху на Гомельшчыне, загінуў у красавіку 1943 г.
Выданне было разлічана на насельніцтва акупіраванай тэрыторыі Беларусі і беларускіх партызан. У ім ўдзельнічалі Я. Купала, Я. Колас, К. Чорны, К. Крапіва, А. Куляшоў, П. Броўка, В. Вітка, М. Лынькоў, М. Танк, П. Панчанка і іншыя беларускія пісьменнікі, а таксама мастакі З. І. Азгур, Г. О. Вальк, В. А. Букаты.
На старонках выдання змяшчаліся фельетоны, памфлеты, сатырычныя вершаваныя і празаічныя творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі насельніцтва да актыўнай барацьбы з ворагам. Са жніўня 1945 г. выходзіла як сатырычны часопіс «Вожык».