pdf

МЕЖАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 10:02:22

Дата змены: 27.02.2025 16:11:48


Ме́жаўскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў в. Межава Расонскага раёна Віцебскай вобласці і ў наваколлі са жніўня 1941 г. да верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Састаўная частка Расонскага партыйна-камсамольскага падполля.

Аб’ядноўвала 12 чалавек, у т. л. 7 камуністаў. Кіраўнік — камуніст Р. А. Ахоцін.

Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; вывелі са строю некалькі мастоў, у т. л. 60‑метровы каля в. Дзмітрава (Дзімітрова; цяпер не існуе) і 30‑метровы каля в. Ваўкі (цяпер не існуе), замарозілі на нямецкім складзе 750 т бульбы.

Зрывалі мерапрыемствы акупацыйных улад па рабаванні насельніцтва (гітлёраўцамі адбіраліся прадукты харчавання, цёплае адзенне і абутак для нямецка-фашысцкіх войск), а таксама вялі разведку.

Рыхтуючыся да партызанскай барацьбы, падбіралі надзейных і здольных людзей. У маі 1942 г. арганізавалі партызанскі атрад імя І. В. Сталіна, камандзірам якога стаў Р. А. Ахоцін, камісарам П. Я. Рубіс, начальнікам штаба М. М. Луткоўскі. Да адыходу ў партызаны група была поўнасцю ўзброена, мела 4 ручныя кулямёты, больш за 20 гранат, некалькі скрынак патронаў; нарыхтавала з дапамогай насельніцтва 50 пудоў зерня, вялікую колькасць мяса, бульбы, фуражу. За кошт падрыхтаванага людскога рэзерву шта́бам па арганізацыі і кіраўніцтве партызанскімі атрадамі было сфарміравана некалькі атрадаў, якія ўвайшлі ў ліпені 1942 г. у партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці.

Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці ў Расонах.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994.