pdf

РАСОНСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 09.07.2024 14:50:18

Дата змены: 04.03.2025 15:01:03


Расо́нскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі в. Расоны (цяпер гарадскі пасёлак) і Расонскім раёне Віцебскай вобласці, у 1941 г. пад кіраўніцтвам Расонскіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ, са жніўня 1941 г. да верасня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Арганізатар і кіраўнік — настаўнік Расонскай сярэдняй школы П. М. Машэраў. Першапачаткова аб’ядноўвала 38 патрыётаў, у т. л. 20 камуністаў. Узначальваў арганізацыю камітэт, у які ўваходзілі П. М. Машэраў, Е. Л. Пятроўская і С. Б. Пятроўскі, П. А. Галанава (Машэрава), В. С. Язутаў і С. I. Язутаў, М. П. Шаркова, М. М. Міхайлоўская, У. А. Шаблоў, Л. А. Валковіч.

Пазней да падпольшчыкаў далучыліся чырвонаармейцы, якія ўцяклі з палону.

Да канца 1941 г. пад кіраўніцтвам камітэта, які стаў штабам Расонскай арганізацыі, былі створаны і дзейнічалі падпольныя групы ў вёсках Альбрэхтава (кіраўнік П. А. Альшанікаў), Грачушына (У. А. Яфрэменка), Ражнова (М. М. Іваноў), Пірагі (У. А. Хамчаноўскі), Шалашнікі (М. Я. Гігелеў і П. Я. Гігелеў), Клясціцы (С. П. Пархімовіч, I. М. Малахаў, Б. Я. Руба), Мілавіды (I. М. Марачкоўскі), Ізбі́шча, Роўнае Поле, Сінск, Фаміно, Юхавічы і інш. Камітэт Расонскай арганізацыі падтрымліваў цесныя сувязі ў Расонскім раёне з Гарбачэва-Мурагоўскім партыйна-камсамольскім падполлем, Заборскім партыйна-камсамольскім падполлем, Межаўскім партыйна-камсамольскім падполлем, Сельніцка-Краснапольскім партыйна-камсамольскім падполлем, Сакалішчанскім партыйна-камсамольскімі падполлем, а таксама Прошкаўскім камсамольска-маладзёжным падполлем Асвейскага раёна. На канспіратыўных кватэрах праводзіліся камсамольскія сходы, пасяджэнні штаба, распрацоўваліся планы, даваліся заданні кіраўнікам груп на месцах.

З дапамогай радыёпрыёмнікаў, устаноўленых на кватэрах С. Б. Пятроўскага і П. [М.] Юр’ян, падпольшчыкі П. А. Галанава, М. П. Шаркова, С. Б. Пятроўскі прымалі зводкі Саўінфармбюро, якія потым распаўсюджвалі вусна і пісьмова (у лістоўках) у Расонах і ў многіх вёсках раёна. Падпольшчыкі выкрывалі хлуслівую фашысцкую прапаганду аб «маланкавай вайне», узнімалі насельніцтва на барацьбу з ворагам. Каб забяспечыць падпольшчыкаў нямецкімі дакументамі, па рашэнні камітэта некалькі чалавек уладкаваліся на работу ва ўстановы акупантаў, дзе здабывалі бланкі пашпартоў, даведак і іншых дакументаў. Пад выглядам выканання службовых абавязкаў яны ажыццяўлялі сувязь з іншымі падпольнымі арганізацыямі, збіралі разведданыя, рыхтавалі дыверсіі. З дапамогай жыхароў в. Расоны была выведзена са строю электрастанцыя, узарваны мост, знішчана тысяча тон нарыхтаванай акупантамі бульбы. Падпольшчыкі перашкаджалі вывозіць да чыгункі хлеб, мяса, масла і іншыя прадукты, адабраныя фашыстамі ў насельніцтва.

Галоўнай сваёй задачай падпольшчыкі лічылі ўзброеную барацьбу з ворагам. Яны сталі ініцыятарамі разгортвання ў раёне масавага партызанскага руху. Рыхтуючыся да партызанскай вайны, усюды збіралі зброю і боепрыпасы. Члены Шалашніцкай групы здабылі 2 ручныя кулямёты, 5 вінтовак, некалькі скрынак кулямётных стужак з патронамі, шмат гранат. Вялікую работу па зборы зброі і боепрыпасаў правялі члены Альбрэхтаўскай, Клясціцкай, Мілавідскай і іншых груп. Вялася нарыхтоўка адзення, абутку, харчоў для партызан і фуражу для коней. Падпольшчыкі, якія працавалі ў бальніцы, рыхтавалі для партызан медыкаменты, перавязачныя сродкі. Каб выратаваць сем’і ад рэпрэсій акупантаў, кіраўніцтва распрацавала падрабязны план адыходу падпольшчыкаў да партызан. Першым пад выглядам паездкі да сваякоў 19 красавіка 1942 г. пайшоў у партызаны П. М. Машэраў. У гэтым жа месяцы да яго далучыліся яшчэ 18 падпольшчыкаў, якія паклалі пачатак утварэнню ў раёне партызанскага атрада «Дубняка» (названы па падпольным псеўданіме яго камандзіра П. М. Машэрава, з ліпеня 1942 атрад імя М. А. Шчорса брыгады «За Савецкую Беларусь» (гл. Партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага). Да восені 1942 г. амаль усе падпольшчыкі сталі партызанамі.

У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў загінулі 12 падпольшчыкаў: М. Я. Гігелеў і П. Я. Гігелеў, П. Я. Дзяружына, С. I. Язутаў, А. С. Язутава (Емяльянава), I. М. Малахаў, Ф. I. Масальская, Д. П. Машэрава (маці П. М. Машэрава), М. М. Міхайлоўская, Е. Л. Пятроўская, Б. Я. Руба, У. А. Хамчаноўскі.

Памяць аб патрыётах Расонскага партыйна-камсамольскага падполля ўвекавечана ў г. п. Расоны ў мемарыяльным комплексе, узведзеным у мемарыяльным парку, што створаны на месцы пахавання савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі ў гады вайны (гл. Расонскі мемарыяльны комплекс). На будынку Расонскай сярэдняй школы ў 1972 г. у гонар падполля ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1979 г. на месцы расстрэлу гітлераўцамі падпольшчыкаў на беразе возера Расона адкрыты помнік.

П. М. Машэраў і У. А. Хамчаноўскі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.



Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994.

  3. Антонович С. В. Пётр Машеров: жизнь, судьба, память...: документальная повесть. – Минск: Юнацтва, 1998.

  4. Шуцкий В. П. У истоков партизанского движения // Пётр Машеров. Эпоха и судьба. К 100-летию со дня рождения. Воспоминания и статьи / под ред. С. Л. Кандыбович, О. В. Солопова. – Москва: Студия Этника, 2017.