ГАРБАЧЭВА-МУРАГОЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ
pdf

ГАРБАЧЭВА-МУРАГОЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 09:58:58

Дата змены: 27.02.2025 16:11:48


Гарбачэ́ва-Мураго́ўскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў вёсках Гарбачэва i Mypaгi Расонскага раёна Віцебскай вобласці са жніўня 1941 г. да чэрвеня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Састаўная частка Расонскага партыйна-камсамольскага падполля.

Налічвала 11 чалавек, у т. л. камуністы — даваенны старшыня сельпо I. М. Шалаеў (кіраўнік), былы ваеннаслужачы У. Б. Гаўрыленка, загадчык медпункта ўрач Г. Е. Ланеўская, былы загадчык райземаддзела У. В. Петрачэнка, калгасніца А. Ф. Плюскова, старшыня калгаса Д. С. Фёдараў, камсамольцы — былыя настаўнікі А. Я. Арлоў, I. Ф. Kaнарскі, былыя вучні Г. A. Ланеўскі i Л. А. Ланеўская, беспартыйны С. С. Гаўрыленка.

Члены групы размнажалі i распаўсюджвалі ў вёсках Гарбачэва, Забор’е, Куляшова, Люцькава, Mypaгi i іншых зводкі Саўінфармбюро, савецкія лістоўкі, вялі антыфашысцкую агітацыю.

Г. Е. Ланеўская на сваёй кватэры i ў лесе тайна стварыла шпіталь, дзе знаходзіліся на лячэнні 5 параненых камандзіраў Чырвонай арміі.

А. Я. Арлоў разам з членамі Расонскага падполля разграмілі Гарбачэўскі маслазавод.

На шашы Расоны — Невель падпольшчыкі спалілі драўляныя масты — 30‑метровы каля в. Язы (Язна?) i 20‑метровы каля в. Шаховічы (?), у выніку важная ў стратэгічных адносінах дарога не функцыяніравала на працягу трох тыдняў. Спілаваўшы слупы на працягу 1 км, яны пашкодзілі тэлефонна-тэлеграфную сувязь ворага.

У лістападзе 1941 г. паліцэйскія высачылі падпольшчыкаў. I. М. Шалаеў i Г. Е. Ланеўская пасля катаванняў былі павешаны, Д. С. Фёдараў i параненыя камандзіры Чырвонай арміі — расстраляны.

Рыхтуючыся да партызанскай барацьбы, падпольшчыкі здабылі 6 вінтовак i аўтаматаў з дыскамі, 2 пісталеты, гранаты, патроны, тапаграфічную карту мясцовасці. Падабралі для партызанскага атрада 15 чалавек. Камандзірам атрада імя М. І. Калініна партызанскай брыгады Расонскай імя І. В. Сталіна стаў С. С. Гаўрыленка, камісарам — У. Б. Гаўрыленка.

Матэрыялы пра дзейнасць Гарбачэва-Мурагоўскага падполля экспануюцца ў Музеі баявой садружнасці ў Расонах.

У 1976 г. у в. Гарбачэва I. М. Шалаеву ўстаноўлена мемарыяльная дошка.


Літаратура
  1. Захаров И. К. Война в краю озёр. – Минск: Издательство «Беларусь», 1973.

  2. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  3. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994.


Спасылкі
  1. Алексеева М. Забытые подвиги неприметных героев // Голас Расоншчыны. – URL: https://www.rossonka.by›?type=news&id=2472 (дата обращения: 20.03.2026).