ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ К. К. РАКАСОЎСКАГА, Віцебскай і Вілейскай абласцей
pdf
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ К. К. РАКАСОЎСКАГА, Віцебскай і Вілейскай абласцей

Помнік партызанскай брыгадзе імя К. К. Ракасоўскага ў вёсцы Роўнае Поле Расонскага раёна Віцебскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ К. К. РАКАСОЎСКАГА

Дата стварэння: 12.05.2023 11:22:05

Дата змены: 11.09.2024 14:31:28


Партыза́нская брыга́да імя́ К. К. Ракасо́ўскага

Да 26 сакавіка 1943 г. партызанская брыгада «За Савецкую Беларусь».

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, Дрысенскага і Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Пастаўскага, Дунілавіцкага, Докшыцкага, Мёрскага, Глыбоцкага і Мядзельскага раёнаў Вілейскай вобласці БССР, Себежскага, Ідрыцкага і Невельскага раёнаў Калінінскай вобласці РСФСР (цяпер у Пскоўскай вобласці Расіі).

Створана ў ліпені 1942 г. у Расонскім раёне на базе атрадаў: імя І. В. Сталіна, імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя В. П. Чкалава, імя В. М. Молатава і 17‑га атрада асобага прызначэння 29‑й арміі. У брыгаду ўключаны і асобныя атрады імя Сяргея (створаны ў студзені 1942 у Себежскім раёне з групы С. Б. Майсеенкі, атраду нададзена імя яго камандзіра С. Б. Майсеенкі, які загінуў у маі 1942), імя М. А. Шчорса (створаны ў красавіку 1942 з падпольшчыкаў Расонскай партыйна-камсамольскай арганізацыі на чале з П. М. Машэравым, гл. ў артыкуле Расонскае партыйна-камсамольскае падполле), імя М. В. Фрунзэ (дзейнічаў у Асвейскім раёне). Гэтыя і створаныя пазней атрады — 2‑і імя І. В. Сталіна, імя У. І. Леніна, імя Р. І. Катоўскага, імя С. М. Кірава, імя М. І. Калініна (Расонскі раён), імя М. В. Фрунзэ, імя М. І. Калініна, імя С. М. Кірава, імя Аляксандра Неўскага (Дрысенскі раён), імя А. А. Жданава, імя Р. К. (Сярго) Арджанікідзэ, імя А. Я. Пархоменкі (Асвейскі раён) — былі зведзены адпаведна іх раёнам дыслакацыі і дзеяння ў групы атрадаў Расонскага, Дрысенскага, Асвейскага раёнаў, з якіх у жніўні 1942 г. былі створаны партызанская брыгада Расонская імя I. В. Сталіна (жнівень 1942), партызанская брыгада 1‑я Дрысенская (жнівень 1942), партызанская брыгада Асвейская імя М. В. Фрунзэ (ліпень 1942). У складзе брыгады «За Савецкую Беларусь» засталіся атрады 17‑ы (у красавіку 1943 атраду нададзена імя А. І. Петракова, які загінуў у сакавіку 1943), імя Сяргея, імя М. А. Шчорса, імя Р. І. Катоўскага, імя У. І. Леніна, імя А. Я. Пархоменкі.

У верасні 1942 г. атрад імя А. Я. Пархоменкі накіраваны ў Вілейскую вобласць, пераўтвораны ў 1‑ы батальён, які заставаўся ў падпарадкаванні брыгады да студзеня 1943 г., калі быў перададзены партызанскай брыгадзе імя Л. М. Даватара Вілейскай вобласці. У жніўні 1942 г. партызаны падарвалі 110‑метровы чыгуначны мост цераз р. Дрыса і знішчылі гарнізон ворага (гл. Дрысенская аперацыя 1942 г.), адначасова напалі на гарнізон у в. Боркавічы Дрысенскага раёна. У верасні 1942 г. разграмілі гарнізон на чыгуначнай станцыі Свольна Дрысенскага раёна, у кастрычніку 1942 г. разам з партызанамі брыгад 1‑й Дрысенскай і Асвейскай імя М. В. Фрунзэ правялі аперацыю па адначасовым разгроме варожых гарнізонаў на чыгуначных станцыях Боркавічы і Дрыса (цяпер станцыя Верхнядзвінск у в. Бароўка Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці).

У студзені 1943 г. партызаны брыгады ўдзельнічалі ў разгроме гарнізона ў в. Вецслабада на тэрыторыі Латвіі (гл. Вецслабадскі бой 1943 г.), у лютым 1943 г. удзельнічалі ў баях супраць карнай экспедыцыі каля вёсак Юхавічы, Прахорава, Паўлава Расонскага раёна; вёсак Непадовічы, Нішча (цяпер у Себежскім раёне Пскоўскай вобласці Расіі); каля вёсак Чурглі, Леснікова, Рубчыкі, Каханавічы Дрысенскага і Асвейскага раёнаў. У сакавіку 1943 г. атрады імя М. А. Шчорса, імя Р. І. Катоўскага, імя Сяргея і імя У. І. Леніна разам з атрадамі брыгады 1‑й Дрысенскай ўдзельнічалі ў штурме варожага гарнізона ў в. Каханавічы Асвейскага pаёна, вялі абарончыя баі з карнікамі ў Асвейскім і Расонскім раёнах.

У чэрвені 1943 г. брыгада зрабіла баявы марш з Расонскага раёна ў Пастаўскі раён Вілейскай вобласці, у час якога вяла баі з ворагам пры пераходзе цераз чыгунку Полацк — Даўгаўпілс на ўчастку Полацк — Дрыса і пры фарсіраванні Заходняй Дзвіны, напала на гарнізон у в. Мёры (Міёры) Вілейскай вобласці (цяпер горад у Віцебскай вобласці).

Партызаны вялі баі каля г. п. Відзы Вілейскай вобласці (сакавік 1944), в. Ажуны Дунілавіцкага раёна (красавік 1944), напалі на гарнізоны ў в. Варапаева Дунілавіцкага раёна (красавік 1944) і в. Валодзькі Докшыцкага раёна (май 1944). У красавіку 1944 г. дапамагалі партызанам Полацка-Лепельскай зоны ў барацьбе супраць карнікаў. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. на чыгуначных участках Крулеўшчына — Параф’янава на лініі Полацк — Маладзечна, Крулеўшчына — Глыбокае і Глыбокае — Варапаева — Паставы на лініі Крулеўшчына — Пабра́дзе (Пабродзе; Літва) падарвалі больш за 1,3 тыс. рэек. Атрады імя М. А. Шчорса і імя Р. І. Катоўскага перакрылі шлях да адступлення праціўніку на дарогах Лучай — Дунілавічы, Дунілавічы — Ласіца. У ліпені 1944 г. разам з часцямі Чырвонай арміі ўдзельнічалі ў вызваленні г. п. Дунілавічы (цяпер вёска ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці).

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 3 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Сяргея, імя М. А. Шчорса, імя У. І. Леніна, імя Р. І. Катоўскага, імя Г. К. Жукава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя А. І. Петракова, у складзе якіх змагалася 915 партызан.

Камандзіры брыгады: А. I. Петракоў (загінуў), У. Н. Дорменеў (выконваў абавязкі), А. В. Раманаў (выконваў абавязкі); камісары: А. В. Раманаў, Ш. Н. Нігамаеў (выконваў абавязкі), П. М. Машэраў; начальнікі штаба: У. Н. Дорменеў, Г. I. Казарцаў (выконваў абавязкі), У. П. Шчуцкі.

Камісару брыгады П. М. Машэраву і намесніку камандзіра атрада імя М. А. Шчорса па разведцы У. А. Хамчаноўскаму (пасмяротна) прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

У гонар брыгады на ўскраіне в. Роўнае Поле Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў 1979 г. пастаўлены помнік, у 2002 г. за 4 км на поўнач ад вёскі на месцы базіравання брыгады на беразе возера Дзяражня створаны Музей партызанскага побыту пад адкрытым небам.