ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Л. М. ДАВАТАРА, Вілейскай вобласці
pdf
ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Л. М. ДАВАТАРА, Вілейскай вобласці

Памятны знак у гонар партызанскіх брыгад імя Л. М. Даватора і «Савецкая Беларусь», падпольных Вілейскага і Куранецкага райкамаў КП(б)‌Б у вёсцы Ляскі Вілейскага раёна Мінскай вобласці.

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ Л. М. ДАВАТАРА

Дата стварэння: 04.03.2024 16:25:46

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46


Партыза́нская брыга́да імя́ Л. М. Дава́тара

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Докшыцкага, Куранецкага і Мядзельскага раёнаў Вілейскай вобласці.

Створана ў снежні 1942 г. на базе атрада Ф. С. Шляхтунова (пазней імя Я. М. Свярдлова; арганізаваны ў кастрычніку 1942 у савецкім тыле). Пры фарміраванні брыгады атрад падзелены на атрады 1‑ы і 2‑і, у студзені 1943 г. да брыгады далучаны 1‑ы батальён брыгады «За Савецкую Беларусь» Віцебскай вобласці (гл. партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага Вілейскай вобласці), 1‑я рота батальёна пераўтворана ў атрад 3‑і імя А. Я. Пархоменкі, з 2‑й і 3‑й рот сфарміраваны атрад 4‑ы. У канцы студзеня 1943 г. брыгада далучылася да партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава (атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы ў яе складзе), з якой у сакавіку 1943 г. пры разбуйненні былі вылучаны атрады 1‑ы і 2‑і (з чэрвеня 1944 імя Л. З. Джыоева, камандзіра атрада, які загінуў 3.6.1944), на іх базе брыгада Ф. С. Шляхтунова была адноўлена. Пазней арганізаваны атрады: у верасні 1943 г. — імя Д. А. Фурманава, у снежні 1943 г. — імя Ф. Э. Дзяржынскага, у маі 1944 г. — імя Г. К. Жукава, «Старынкі», «Іжа».

У кастрычніку 1943 г. брыгадзе прысвоена імя Л. М. Даватара.

Брыгада разам з іншымі партызанскімі брыгадамі ў 1943 г. вяла баі з карнікамі ў Докшыцкім, Ушацкім і Мядзельскім раёнах. Разграміла варожыя гарнізоны ў вёсках Іжа (студзень і лістапад 1943), Любань (студзень 1943), Кабыльнік (люты 1944). Дыверсійная група А. У. Букаева ў ліпені 1943 г. пусціла пад адхон 4 эшалоны ворага. У жніўні 1943 г. і чэрвені 1944 г. брыгада ўдзельнічала ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных участках Крулеўшчына — Параф’янава, Крывічы — Куранец, знішчыла каля 3 тыс. рэек. У ноч на 3 чэрвеня 1944 г. на дарозе Куранец — Балашы партызаны правялі засадны бой. За 5 дзён да прыходу савецкіх войск выбілі ворага з в. Любань, райцэнтра Куранец і чыгуначнай станцыі Княгініна (Княгінін) і ўтрымлівалі іх да падыходу Чырвонай арміі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 2 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя Я. М. Свярдлова, імя Л. З. Джыоева, імя Д. А. Фурманава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя Г. К. Жукава, «Старынкі», «Іжа», у якіх налічвалася 568 партызан.

Камандзіры брыгады: Ф. С. Шляхтуноў, I. А. Іваноў; камісары: Д. Я. Кадоўба, П. А. Паўленка, В. Ф. Папок; начальнікі штаба: С. А. Вашчыла, Б. В. Дудкоўскі.

У гонар брыгад імя Л. М. Даватара і «Савецкая Беларусь», падпольных Вілейскага і Куранецкага райкамаў КП(б)‌Б у в. Ляскі Вілейскага pаёна Мінскай вобласці ў 1970 г. пастаўлены памятны знак.