Дата стварэння: 02.11.2023 16:39:28
Дата змены: 11.09.2024 14:39:57
Партыза́нская брыга́да імя́ К. Я. Варашы́лава
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Мядзельскага, Пастаўскага, Дунілавіцкага, Астравецкага, Свірскага, Смаргонскага, Куранецкага, Глыбоцкага і Крывіцкага раёнаў Вілейскай вобласці БССР і Швянчонскага раёна Літоўскай ССР.
Створана ў лістападзе 1942 г. на базе атрадаў: імя А. В. Суворава (арганізаваны ў маі 1942 на базе групы Ф. Р. Маркава, якая прыбыла ў варожы тыл у верасні 1941, і мясцовых груп С. А. Пронькі, Р. З. Крукава — А. А. Сударыкава) і «Знішчальнік» [арганізаваны ў кастрычніку 1942 на базе групы У. Ц. Цабы, якая прыбыла ў тыл ворага па заданні ЦК КП(б)Б].
У студзені 1943 г. да брыгады была далучана партызанская брыгада Ф. С. Шляхтунова, якая ўключала 4 атрады, і аб’яднаная брыгада стала налічваць 6 атрадаў, пранумараваных з 1‑га па 6‑ы; у лютым быў арганізаваны атрад 7‑ы імя В. І. Чапаева. У сакавіку 1943 г. брыгада была разбуйнена. На базе вылучаных з яе атрадаў 1‑га і 2‑га адноўлена брыгада Ф. С. Шляхтунова (гл. партызанская брыгада імя Л. М. Даватара), на базе атрадаў 3‑га і 4‑га створана партызанская брыгада імя ЦК КП(б)Б. У складзе брыгады засталіся атрады 5‑ы імя А. В. Суворава, 6‑ы «Знішчальнік» і 7‑ы імя В. І. Чапаева. У далейшым былі арганізаваны атрады: у маі 1943 г. — імя Аляксандра Неўскага і імя А. Я. Пархоменкі, у ліпені — імя М. І. Кутузава, у жніўні — імя М. І. Калініна, у снежні 1943 г. — «Перамога» і «Слава», у студзені 1944 г. — імя П. І. Баграціёна і разведвальны атрад імя С. Г. Лазо.
Партызаны атрада імя А. В. Суворава ў маі 1942 г. на шашы каля Лынтупаў знішчылі камісію па вывазе моладзі трох раёнаў на катаржныя работы ў Германію. Разграмілі ў верасні 1942 г. гарнізоны ў вёсках Дунілавічы, Груздава, г. п. Мядзел, в. Кабыльнік (гл. Кабыльніцкі бой 1942 г.).
Увосень 1942 г. партызаны брыгады ўдзельнічалі ў знішчэнні 98 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі на тэрыторыі 13 раёнаў Вілейскай вобласці. Вялі баі супраць карных атрадаў, вясной 1943 г. у Гадуцішскім і Нарачанскім лясах, у сакавіку 1944 г. — каля в. Пасынкі. У жніўні 1943 г. зноў разграмілі гарнізон у в. Кабыльнік. Увосень 1943 г. напалі на варожы гарнізон у Лынтупах, знішчылі чыгуначную станцыю, склад, падарвалі вадакачку. У снежні 1943 г. разбілі гарнізон у в. Шэметава, блакіравалі буйны гарнізон у Мядзеле і інш. У маі 1944 г. дапамаглі партызанам і мясцоваму насельніцтву Ушацкай зоны выйсці з акружэння ў Вілейскую вобласць, разграмілі станцыю Гелядня. Толькі ў ноч на 1 чэрвеня 1944 г. на чыгуначным участку Будслаў — Княгініна падарвалі больш за 950 рэек, знішчылі 4 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі, 19–20 чэрвеня 1944 г. вывелі са строю чыгуначны ўчастак Варапаева — Паставы, знішчылі 2 масты. У пачатку ліпеня разам з часцямі Чырвонай арміі разграмілі гарнізон у Мядзеле.
Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 4 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады: імя А. В. Суворава, «Знішчальнік», імя В. І. Чапаева, імя Аляксандра Неўскага, імя А. Я. Пархоменкі, імя М. І. Кутузава, імя М. І. Калініна, «Грозны», «Перамога», «Слава», разведвальны імя С. Г. Лазо, імя П. І. Баграціёна, у якіх налічвалася 1 865 партызан.
Камандзіры брыгады: Ф. Р. Маркаў, Ф. С. Шляхтуноў, I. Н. Крысаў; камісары: Ф. Р. Маркаў, I. M. Яўмененка, A. I. Шаўчэнка; начальнікі штаба: У. У. Саўлевіч, І. Н. Крысаў, Л. I. Карабанаў.
Камандзіру брыгады Ф. Р. Маркаву і памочніку камісара атрада па камсамоле Г. I. Маслоўскай прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У в. Чарэмшыцы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў 1980 г. у гонар брыгады пастаўлены мемарыяльны знак.