pdf

ВЕЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 14.04.2023 11:03:21

Дата змены: 01.11.2024 14:42:01

Ве́цслабадскі бой 1943 г.

Сумесная баявая аперацыя партызанскіх фарміраванняў Беларусі, Латвіі, Літвы і Калінінскай (цяпер Цвярской) вобласці РСФСР супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у н. п. Вецслабада Латвійскай ССР 13 студзеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

У аперацыі ўдзельнічалі 800 байцоў трох беларускіх партызанскіх брыгад — «За Савецкую Беларусь» (пазней партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага), партызанскай брыгады Асвейскай імя М. В. Фрунзэ і Дрысенскай (пазней партызанская брыгада 1‑я Дрысенская), а таксама 4‑й Калінінскай партызанскай брыгады (камандзір В. М. Лісоўскі, камісар У. М. Вакарын), Латышскага [камандзір В. П. Самсон (Самсонс), камісар упаўнаважаны ЦК КП(б) Латвіі А. П. Ошкалн (Ошкалнс)] і Літоўскага (камандзір П. Пранявічус) партызанскіх атрадаў.

План аперацыі быў распрацаваны штабам Латышскага партызанскага атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» на чале з камісарам, выконваючым абавязкі камандзіра брыгады А. В. Раманавым. Атрады «Бясстрашны» (камандзір С. Ф. Бубін, камісар К. С. Кузняцоў) Дрысенскай брыгады, імя М. А. Шчорса (камандзір П. М. Машэраў, камісар С. Б. Пятроўскі) брыгады «За Савецкую Беларусь» і Латышскі склалі штурмавую групу. Астатнія атрады арганізавалі засадныя групы і групы прыкрыцця дарог, якія звязвалі гарнізон Вецслабады з найбліжэйшымі гарнізонамі праціўніка, а таксама групы эвакуацыі нарабаванага збожжа.

У ноч на 13 студзеня штурмавыя групы скрытна падышлі да ўскраіны Вецслабады, па агульным сігнале атакавалі варожыя дзоты і ўварваліся на цэнтральную вуліцу. Ва ўпартым баі партызаны разграмілі будынкі камендатуры, паліцэйскага ўчастка, валасной управы, падпалілі пошту, спіртзавод, узарвалі складскія памяшканні, захапілі 400 мяшкоў збожжа, 65 мяшкоў цукру, 4 т воўны, якія былі нарабаваны акупантамі ў насельніцтва, знішчылі больш за 50 гітлераўцаў.

У выніку баявой аперацыі партызаны сарвалі адпраўку ў Германію вялікіх запасаў збожжа і іншых прадуктаў харчавання, а таксама планы праціўніка.