pdf

ЗАБОРСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 09:59:46

Дата змены: 27.02.2025 16:11:48


Забо́рскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Састаўная частка Расонскага партыйна-камсамольскага падполля. Дзейнічала ў в. Забор’е і ў шэрагу іншых вёсак ва ўсходняй частцы акупіраванага нямецка-фашысцкімі захопнікамі Расонскага раёна Віцебскай вобласці са жніўня 1941 г. да мая 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўнік У. В. Петрачэнка. Аб’ядноўвала 23 чалавекі, 3 групы: у вёсках Лакці і Пакоціна ўзначальвалі Я. А. Каган, А. I. Папляцеева (Сафронава), Н. I. Папляцеева (Асадчанка); у вёсках Аўсюкова і Забор’е (абедзве вёскі цяпер не існуюць) — А. Д. Цітоў і I. Ф. Лапатка; у вёсках Бакані́ха (цяпер не існуе) і Шарстова — М. Ф. Максіменка.

Да лістапада 1941 г. дзейнічала ў кантакце з партызанскім атрадам імя В. П. Чкалава. Падпольшчыкі вялі разведку, збіралі зброю, дапамагалі атраду харчамі. На тайным складзе групы вёсак Пакоціна і Лакці́ меліся станковы і ручны кулямёты, больш як 20 вінтовак. Усе члены групы былі ўзброены. У верасні 1941 г. яны перадалі партызанам больш за 20 вінтовак, шмат боепрыпасаў; падпольшчыкі групы вёсак Аўсюкова і Забор’е перадалі партызанам 21 галаву буйной рагатай жывёлы і свіней, вялікую колькасць хлеба і бульбы. Разам з партызанамі падпольшчыкі прымалі ўдзел у падрыве 72‑метровага моста цераз р. Дрыса ў в. Краснаполле, 6 мастоў на шашэйных дарогах, рабілі засады, спалілі будынак нямецкай камендатуры ў в. Забор’е, вынеслі радыёпрыёмнік і медыкаменты з Краснапольскай бальніцы. Мінай, якую залажылі падпольшчыкі в. Аўсюкова, 19 верасня 1941 г. падарваны нямецкі аўтапрычэп. Выбухам знішчаны буйнакаліберная зенітная ўстаноўка, некалькі мінамётаў, шмат боепрыпасаў, забіта больш за 20 варожых салдат і афіцэраў. На міне, пастаўленай падпольшчыкамі вёсак Шарстова і Баканіха, 20 верасня 1941 г. падарвалася аўтамашына, знішчана больш за дзясятак фашыстаў; адначасова М. Ф. Максіменка і I. С. Герасіменка абстралялі калону фашыстаў і знішчылі некалькі салдат і афіцэраў. Актыўнасцю ў барацьбе вызначыліся камсамольцы [В. М.], Г. М., [Я. М.] Варахобавы, I. Д., М. C., Ф. К. Герасімовічы, Г. Ф. Данчанка, М. К. Іваноў, [В. Б.] Кузняцова (Валынцова), С. Ф. Лапатка, В. П. Мядзведзеў, Г. А. Петрачэнка і В. I. Петрачэнка, Т. I. Папляцеева, [Д. П.] Сухарукаў.

Вясной і летам 1942 г. амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі: Ф. К. Герасімовіч, М. К. Іваноў, Я. А. Каган, С. Ф. Лапатка, М. Ф. і Ф. У. Максіменкі, В. П. Мядведзеў, У. В. Петрачэнка.

Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці ў Расонах.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Захаров И. К. Война в краю озёр. – Минск: Издательство «Беларусь», 1973.

  3. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Слуцкага раёна і г. Слуцка: у 2 кн. / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2000–2001.