Дата стварэння: 05.05.2023 11:04:49
Дата змены: 10.11.2025 11:50:06
Асве́йскае парты́йна-патрыяты́чнае падпо́лле
Дзейнічала ў г. п. Асвея і Асвейскім раёне Віцебскай вобласці са жніўня 1941 г. да ліпеня 1942 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Арганізатары і кіраўнікі: У. У. Сімацкі (да 18.11.1941), І. К. Захараў.
Аб’ядноўвала 9 падпольных груп (каля 100 чалавек): у Асвеі — кіраўнік У. У. Сімацкі, у сельсаветах Задзежскім — С. I. Жвірбля, Каханавіцкім — I. П. Петрыенка, Кісялёўскім — К. П. Яськін, Красоўскім — Р. С. Лукашонак, Малашкаўскім — М. Я. Белабародаў, Савейкаўскім — У. I. Хвяжэнка, Сенькаўскім — I. А. Марачкоўскі, Сухарукаўскім — К. I. Мядзюта.
Падпольшчыкi прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, вялі разведку, палітычную работу сярод насельніцтва, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагера, у т. л. батальённага камісара В. П. Уладзімірава і ваенурача 2‑га рангу А. Ф. Вараб’ёва, якія сталі адпаведна камісарам і начальнікам санітарнай службы партызанскай брыгады Асвейскай імя М. В. Фрунзэ.
Здабывалі зброю і боепрыпасы. Толькі падпольшчыкі Асвейскай, Задзежскай і Малашкаўскай груп сабралі 3 станковыя, 15 ручных кулямётаў, 75 вінтовак, некалькі тысяч патронаў.
Патрыёты знішчалі гітлераўцаў, вывелі са строю 14 аўтамашын, 6 танкаў, разбурылі 10 мастоў, сапсавалі тэлеграфную сувязь на шашы Асвея — Полацк, Каханавічы — Расоны, Стралкі — Зябкі, спалілі Канчанскі льнозавод, харчовы склад, нарыхтоўчы пункт па зборы малака, у красавіку 1942 г. арганізавалі партызанскі атрад (пазней брыгада Асвейская імя М. В. Фрунзэ).
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі М. Я. Белабародаў, А. I. Літвінаў, Р. С. Лукашонак, У. У. Сімацкі, I. С. Слабада.
Імем У. У. Сімацкага названы саўгас у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці, а таксама вуліца ў г. п. Асвея, на якой у 1965 г. пастаўлены помнік падпольшчыкам.