Дата стварэння: 16.06.2023 10:37:38
Дата змены: 11.09.2024 15:58:58
Партыза́нскі атра́д
Асноўная арганізацыйная і баявая адзінка партызан, добраахвотна аб’яднаных для барацьбы за вызваленне Радзімы ад іншаземных захопнікаў або ўнутранай рэакцыі; форма арганізацыі партызанскіх сіл, якая склалася гістарычна. У барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны даказаў сваю баяздольнасць, жыццеўстойлівасць і мэтазгоднасць.
На Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны за ўвесь перыяд акупацыі дзейнічала 1 255 партызанскіх атрадаў. Узначальвалі атрад камандзір і камісар. Апрача начальніка штаба і яго апарату, камандзір атрада меў намеснікаў па разведцы, дыверсіях, памочніка па забеспячэнні з адпаведнымі падраздзяленнямі. У партызанскіх атрадах былі пярвічныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі. У перыяд арганізацыі і станаўлення атрады мелі па 25–70 партызан, дзяліліся на 2–3 баявыя групы. У далейшым колькасць асабовага складу партызанскага атрада ўзрастала. Тыповая структура атрада была блізкая да структуры рэгулярных войск: штаб, 3–4 роты па 3 узводы ў кожнай, з 3 аддзяленнямі ва ўзводзе. У атрадзе фарміраваліся баявыя дыверсійныя групы (1–2), падраздзяленні баявога забеспячэння і матэрыяльнага абслугоўвання. Колькасны і баявы склад атрада быў непастаянны. Беларускі штаб партызанскага руху адрозніваў атрады па 100–150, 151–350, 351 і больш партызан з адпаведнай колькасцю асноўнай стралковай і цяжкай зброі. Буйны партызанскі атрад мог самастойна ці ў складзе злучэння вырашаць задачы ў розных відах баявых партызанскіх дзеянняў, пры адпаведных умовах разгортваўся ў партызанскую брыгаду. Са жніўня 1943 г. асобныя атрады Магілёўскай вобласці, у якіх было 800 і больш партызан і належная колькасць асноўнай стралковай і цяжкай зброі, разгортваліся ў партызанскія палкі.
Паводле прызначэння партызанскія атрады падзяляліся на звычайныя (унітарныя), спецыяльныя (дыверсійна-разведвальныя), кавалерыйскія, артылерыйскія, штабныя, рэзервовыя, мясцовыя самаабароны, маршавыя. Першыя партызанскія атрады называліся паводле месца дыслакацыі, прозвішча або псеўданіма камандзіра, пазней ім надаваліся імёны вядомых палкаводцаў, палітычных, ваенных дзеячаў Савецкай дзяржавы, герояў Грамадзянскай вайны, партызан, што загінулі. Часам назвы адлюстроўвалі патрыятычныя і валявыя матывы, палітычную накіраванасць у барацьбе («Радзіма», «Штурм», «За Савецкую Беларусь», «Смерць фашызму» і інш.). Многія атрады мелі нумарныя абазначэнні. Баявой і палітыка-масавай работай атрада кіравала разам з камандзірам і камісарам пярвічная партыйная арганізацыя.