Дата стварэння: 18.02.2025 10:05:17
Дата змены: 27.02.2025 16:11:48
По́лацкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Полацк і Полацкім pаёне Віцебскай вобласці пад кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б (з сакавіка 1942) і Полацкага падпольнага райкама КП(б)Б (з чэрвеня 1942) са жніўня 1941 г. да кастрычніка 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Аб’ядноўвала 11 груп, каля 160 падпольшчыкаў.
Першыя падпольныя групы ў Полацку ўзначалілі Я. X. Сташкевіч, П. Ф. Самародкаў, С. В. Сухавей, падпольныя групы ў вёсках Домнікі — А. М. Філіпаў, Дрэтунь — М. Д. Свірыдэнка, Залессе — К. М. Макараў, Казімірова — Ф. Д. Максімаў, Палата — П. Ф. Сташкевіч, Труды — А. Я. Марчанка, Узні́цы — П. Я. Кірыленка, Юравічы — Д. А. Зублеў.
Уладкаваўшыся ў варожыя ўстановы, Ф. К. Безер (перакладчыкам ваеннай камендатуры), С. В. Сухавей (сельскім бургамістрам Полацкага раёна), Д. Б. Пятроўскі (бургамістрам Полацка) і іншыя забяспечвалі падпольшчыкаў і партызан дакументамі, медыкаментамі і харчаваннем, звесткамі аб праціўніку і яго планах, ратавалі людей ад знішчэння і ўгону ў Германію.
Вясной 1942 г. група П. Ф. Самародкава разгромлена акупантамі, многія падпольшчыкі Полацка пайшлі да партызан. Групу патрыётаў, якія засталіся ў горадзе, з мая да кастрычніка 1942 г. узначальваў С. Я. Арцем’еў.
Падпольшчыкі вялі палітычную агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, звесткі аб перадыслакацыі і перавозках варожых войск, ратавалі савецкіх ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, арганізоўвалі партызанскія групы. У маі 1942 г. удзельнічалі ў стварэнні атрада (камандзір А. Я. Марчанка), які разгарнуўся ў чэрвені ў партызанскую брыгаду 3‑ю Беларускую. У лістападзе 1941 г. на чыгуначнай станцыі Гараны на лініі Віцебск — Полацк знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Вясной 1942 г., выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, савецкая авіяцыя бамбіла варожыя эшалоны на Полацкім чыгуначным вузле, партызаны разграмілі карнікаў у раёне былога саўгаса «Палата». Летам 1942 г. падарвалі на чыгуначнай станцыі Грамы (цяпер у межах Полацка) на лініі Полацк — Невель нафтабазу, у кастрычніку — паравознае дэпо.
У барацьбе з ворагам загінулі: М. Аляксееў, Р. Атрошчанка. Ф. К. Безер, Я. Ф. Багатыроў, У. К. Гаўроў, М. С. Жураў і Ю. Я. Журава, М. М. Іваноў, Л. П. Касцецкая, Д. I. Котаў, Г. Д. Міндалёў, Г. Я. Нікіціна, А. Пашкевіч, Д. Б. Пятроўскі, П. Ф. Самародкаў, Я. X. Сташкевіч, С. В. Сухавей і інш.
Лобанок В. Е. Всенародная борьба в тылу врага. – Минск: Беларусь, 1985.
Партийное подполье в Белоруссии, 1941–1944: Страницы воспоминаний. Витебская, Могилёвская, Гомельская, Полесская области / Редкол.: В. Е. Лобанок (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1985.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Полацкага раёна / Рэдкал.: І. Б. Каросцік, Р. І. Маслоўскі, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск: Вышэйшая школа, 1999.