ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 3-я БЕЛАРУСКАЯ, Віцебскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 3‑я БЕЛАРУСКАЯ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:37:06

Дата змены: 11.09.2024 15:08:27

Партыза́нская брыга́да 3‑я Белару́ская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Полацкага і Расонскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створана 6 чэрвеня 1942 г. на базе асобнага атрада А. Я. Марчанкі (арганізаваны ў маі 1942 з груп Полацкага раённага камуністычнага падполля), з якога разгорнуты атрады 1‑ы, 2‑і і 3‑і, адначасова сфарміраваны атрад 4‑ы. У чэрвені 1942 г. у брыгаду ўвайшоў атрад Я. X. Сташкевіча (створаны ў красавіку 1942 з полацкіх падпольшчыкаў), у ліпені атрад быў разбуйнены, на яго базе арганізаваны атрады 5‑ы, 6‑ы і 7‑ы, тады ж атрад 6‑ы (камандзір Я. М. Букараў) быў вылучаны з брыгады і накіраваны ў Вілейскую вобласць, у час перамяшчэння расфарміраваны. У верасні 1942 г. атрад 7‑ы перайменаваны ў 6‑ы, у канцы сакавіка 1943 г. арганізаваны атрад 7‑ы (2‑га складу). У маі 1943 г. атрад 4‑ы далучаны да атрада 2‑га. У ліпені 1943 г. з брыгады вылучаны атрад 1‑ы (пазней атрад 3‑і «Бясстрашны» партызанскай брыгады 2‑й імя А. В. Суворава). У канцы ліпеня 1943 г. атрад 4‑ы адноўлены і перайменаваны ў 1‑ы, адначасова арганізаваны атрад 4‑ы (2‑га складу).

Партызаны брыгады ў чэрвені 1942 г. вялі баі за вёскі Вялікае Сітна і Кавалі, у жніўні разграмілі апорны пункт ворага ў в. Труды Полацкага раёна, у кастрычніку вялі баі за былы саўгас «Палата». У снежні 1942 — лютым 1943 г. удзельнічалі ў баях супраць карнікаў каля вёсак Жукавічы, Гараватка, Трухаўка, Забароўе, Забалоцце, Гразная Полацкага раёна, разграмілі гарнізон ворага ў в. Верхачэнне. У лютым — маі 1943 г. вялі абарончыя баі каля вёсак Маторына, Лешня, Юзафова Расонскага раёна, на рубяжы вёсак Арлея, Вялікае Сітна, Красамай, Гараватка Полацкага pаёна, напалі на варожы гарнізон у в. Узніцы і на калону войск каля в. Рудня. У красавіку 1943 г. падарвалі мост цераз р. Палата каля в. Юравічы Полацкага раёна. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгуначных лініях Полацк — Невель (Расія) і Віцебск — Полацк падарвалі больш за 1,8 тыс. рэек. У лістападзе 1943 г. нанеслі ўдары па пераправах цераз р. Дрыса каля вёсак Калюціна і Маскалькі Расонскага раёна.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 15 лістапада 1943 г., на той момант уключала атрады 1‑ы, 2‑і, 3‑і, 4‑ы, 5‑ы, 6‑ы, 7‑ы, у якіх змагаліся 1 126 партызан.

Камандзіры брыгады: А. Я. Марчанка, У. В. Жыганаў (выконваў абавязкі); камісары: Я. А. Казлоў (загінуў), М. А. Новікаў, Ф. Ц. Шэдаў; начальнікі штаба: Т. К. Раеўскі, У. В. Жыганаў.