pdf

«НОВЫ ШЛЯХ»

Дата стварэння: 24.10.2023 09:35:52

Дата змены: 11.09.2024 14:18:05

«Но́вы шлях»

Акупацыйны пранацысцкі часопіс часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Выдаваўся ў студзені 1942 г. — маі 1944 г. у г. Рыга (Латвія) з дазволу і пры падтрымцы германскіх улад у перыяд акупацыі Латвіі і Беларусі нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Існавалі 2 варыянты — на рускай («Новый путь») і беларускай мовах. Матэрыялы агульнапалітычнага характару былі аднолькавыя. Рэдакцыя беларускага варыянта знаходзілася ў Мінску (галоўны рэдактар У. Сядура). У Рызе выданне рыхтаваў да друку К. Езавітаў. У падрыхтоўцы матэрыялаў прымаў удзел аддзел прэсы рэйхскамісарыята «Остланд».

Часопіс друкаваў па-нацысцку тэндэнцыйныя агульнапалітычныя і ваенныя агляды, артыкулы, у якіх усхваляліся лад жыцця, навука і культура нацысцкай Германіі, нарысы і фотанарысы пра розныя краіны і рэгіёны свету.

На старонках часопіса змешчана шмат публікацый пра беларускую народную творчасць, архітэктуру, жывапіс, музыку, тэатр, дзейнасць Беларускага культурнага згуртавання, матэрыялы да юбілеяў асобных беларускіх пісьменнікаў і вучоных.

Для гісторыкаў, якія вывучаюць акупацыйны перыяд, каштоўнымі крыніцамі з’яўляюцца фотанарысы «Вуліцамі Менска» (№ 1, 1943), «25 год Віленскай беларускай гімназіі» (№ 1, 1944), «Першае пасяджэнне» аб урачыстым адкрыцці і дзейнасці Беларускай цэнтральнай рады (№ 3, 1944) і інш.

У рубрыцы «З беларускага жыцця» часопіс друкаваў хроніку з гарадоў Беларусі.

Выйшла 45 нумароў.