pdf

РАГАЧОЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 24.10.2023 09:38:12

Дата змены: 11.09.2024 14:56:24

Рагачо́ўскае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала са жніўня 1941 г. да ліпеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў г. Рагачоў і Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці пад кіраўніцтвам Рагачоўскіх падпольных райкамаў КП(б)‌Б і ЛКСМБ.

Складалася з 17 арганізацый, якія налічвалі больш за 160 чалавек, у т. л. 21 камуніста і 108 камсамольцаў. У горадзе дзейнічалі 2 падпольныя камсамольскія арганізацыі: тэрытарыяльная (кіраўнік М. Я. Данілава) і на лесазаводзе (кіраўнік камуніст К. К. Гардзіеўскі). На тэрыторыі раёна ў розны час дзейнічала 11 падпольных камсамольскіх арганізацый: 3 у в. Турск (кіраўнікі: А. А. Ганчароў, В. Р. Ярмоленка, Л. А. Кудраўцава), у пас. Дняпроўск (Г. А. Фядосава), в. Забалацце (В. К. Парфёнава), пас. Масткі (М. С. Філіпаў), в. Слабада (А. А. Канавалава), в. Станькаў (У. Я. Крапіцкая), в. Церахоўка (У. Ф. Мазепіна), в. Філіпкавічы (Р. П. Лукашэвіч), в. Гадзілавічы (I. В. Гранкова), в. Красніца (А. I. Шукевіч), пас. Лавы (Ф. Р. Сідарэнка), в. Азяраны (А. К. Мальцаў), на чыгуначнай станцыі Салтанаўка Жлобінскага раёна на лініі Жлобін — Гомель (В. А. Ашмянскі і У. В. Лабачоў).

З мэтай аператыўнага кіраўніцтва падполлем райкам ЛКСМБ у маі 1942 г. замацаваў сваіх членаў С. М. Свярдлова, I. Ц. Зуевіча, К. М. Драчова за асобнымі зонамі раёна. Сакратар Рагачоўскага падпольнага райкама ЛКСМБ А. А. Бірукоў каардынаваў дзейнасць падпольных камсамольскіх арганізацый і груп.

Падпольшчыкі вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, за 2 гады здабылі і перадалі партызанам 4 мінамёты, 24 кулямёты, 263 вінтоўкі, 750 гранат, 450 кг узрыўчаткі, больш за 100 тыс. патронаў, разам з партызанамі ўдзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы.

М. Н. Маркаў запісваў зводкі Саўінфармбюро, якія падпольшчыкі распаўсюджвалі ў горадзе ў выглядзе лістовак. Сярод жыхароў навакольных вёсак лістоўкі распаўсюджвала В. А. Гаўрыленка.

Зімой 1943 г. М. Я. Данілава з дапамогай іншых падпольшчыкаў пераправіла да партызан зубных урачоў і арганізавала вываз абсталявання зубаўрачэбнага кабінета.

У дыверсіях на чыгунцы актыўна ўдзельнічалі падпольшчыкі Л. Л. Байдакова, Н. С. Бялян, браты А. Р. Жданаў і М. Р. Жданаў, Л. М. Мацкоў, К. I. Ясенецкая. Члены арганізацыі в. Станькаў Ф. Р. Каморнікаў, М. В. Хуркоў і А. С. Парахневіч зімой 1942 г. двойчы ўзрывалі чыгунку.

Падпольшчыкі Л. Я. Данілава, А. А. Чарнавусава, М. П. Дойлідаў рэгулярна выводзілі са строю сянныя прэсы; падпольшчыкі лесазавода рабілі дыверсіі на помпавай станцыі, псавалі маторы.

У красавіку 1943 г. М. С. Філіпаў, П. С. Назараў і В. I. Падольцаў забяспечылі партызанам поспех у баі з нямецкім гарнізонам (в. Гадзілавічы). Падпольшчыкі Ф. Р. Сідарэнка, Г. А. Фядосава, Д. А. Шолахаў і іншыя аказвалі дапамогу партызанам і разведгрупам Чырвонай арміі зборам інфармацыі аб перадыслакацыі вайсковых часцей, аб чыгуначных і аўтамабільных перавозках праціўніка.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі загінулі: М. А. Бондараў, В. I. Кухарэнка, В. Р. Леаненка, В. I. Падольцаў, Ф. Н. Рудзянкоў, Ю. I. Слязенка, I. М. Шабеткін, В. Д. Шолахаў, У. I. Юшкевіч, В. А. Янава.